Яшчэ быў каментарый у Youtube пад відэа з Лукашэнкам. Ён там нешта пра ўкраінскі народ гаварыў, а я яму як зварот напісаў: «Вы не ведаеце ўкраінскі народ, а з боку гаворыце». За гэта мне яшчэ і па галаве далі — разочак хляснулі добра так.
«Думаў, што расстраляюць». Гісторыя ўкраінца, які прайшоў праз беларускія турмы і апынуўся ў спісах на абмен
Гісторыя ўкраінца Іллі (імя зменена ў мэтах бяспекі) — гэта аповед пра тое, як звычайнае сямейнае жыццё ў Беларусі ператварылася ў кашмар пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, піша Вясна.
За каментары ў інтэрнэце і перадачу даных у «Беларускі Гаюн» аб перасоўванні расійскіх войсках ён прайшоў праз здзекі сілавікоў, адмову ў медыцынскай дапамозе ў СІЗА і пагрозы смяротным пакараннем. У снежні 2025 года Іллю пасярод ночы вывезлі ў лес, а затым прымусова выдварылі з Беларусі, перадаўшы ўкраінскаму боку.
Ілля распавёў «Вясне», як адгаворваў расійскіх вайскоўцаў ехаць ва Украіну, як яго спрабавалі вербаваць КДБ, а сілавікі тым часам пагражалі яго жонцы. А таксама пра раптоўную сустрэчу з Кірылам Буданавым.
Пераезд у Беларусь і стварэнне сям’і
Жыццё Іллі ў Беларусі пачыналася як тыповая гісторыя эміграцыі дзеля кахання. Знаёмства ў інтэрнэце ў пачатку 2010-х, пераезд з Украіны, шлюб і нараджэнне дзяцей. Пара пражыла некалькі гадоў у сталіцы, а пасля, як шматдзетная сям’я, нават атрымала дзяржаўнае жыллё ў рэгіёне. Мужчына ўладкаваўся працаваць у таксі, але вайна разбурыла яго мірны побыт.
«Пазнаёміўся і прыехаў. Сам я з Украіны, з вобласці, якая зараз знаходзіцца пад акупацыяй. Я прыехаў у Беларусь і на працягу года катаўся туды-сюды да будучай жонкі. Праз год я застаўся там канчаткова, мы распісаліся, ажаніліся, усё было нармальна.
Спачатку мы жылі ў Мінску. Пражылі ў сталіцы, можа, гадоў сем. Потым, паколькі мы шматдзетная сям’я, жонка даведалася, што можна атрымаць жыллё. Мы ўзяліся за гэта, і дзяржава дала нам дзве кватэры ў рэгіёне.
Праз год, недзе летам 2021-га, мы пераехалі туды жыць. Там я ўладкаваўся працаваць у таксі».
«Беларускі Гаюн» і першае затрыманне
У лютым 2022 года Ілля бачыў на ўласныя вочы калоны расійскай тэхнікі і вайскоўцаў, якія ехалі праз Беларусь ва Украіну. Мужчына не застаўся ўбаку. Ён пачаў здымаць перамяшчэнні войск для незалежных маніторынгавых каналаў. Дзеянні Іллі неўзабаве прыцягнулі ўвагу спецслужбаў. Яго першы арышт у 2023 годзе за каментары ў сацыяльных сетках суправаджаўся фізічным гвалтам і жорсткімі пагрозамі.
«Калі пачалася вайна ва Украіне, я працаваў у таксі. Я бачыў перамяшчэнні расійскіх войскаў. Вазіў расійскіх вайскоўцаў, размаўляў з імі — пытаўся, нахрана ім яно ўвогуле трэба. Усё гэта я фіксаваў на тэлефон і перадаваў у тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн».
Я працаваў у таксі амаль год. Потым мне прапанавалі добрую працу ў Мінску. Я ездзіў у сталіцу ў камандзіроўкі, здымаў пакой. Першы раз мяне затрымалі ў 2023 годзе. Як мне потым сказалі ў КДБ, яны ўбачылі недзе ў TikTok мой каментар, што ў мяне знаёмы ў ВСУ працуе і што «лепш рот прытрымаць». Каля шасці гадзінаў трымалі ў цэнтральным РУУС.
Каментар быў наступны. Адзін украінец напісаў пад відэа, што «мы за Беларусь, мы з беларусамі адзіны народ», але ён жыў ва Украіне і быў за Расію, за вайну. Я яму ў адказ напісаў: «Ты лепш рот прыкрый, таму што ў мяне знаёмы ў ВСУ».
Тады мне далі 15 сутак на Акрэсціна. Праз тры дні па Skype адбыўся суд. Я адсядзеў, заплаціў штраф. Мяне прыпугнулі, каб не рыпаўся нікуды, і я больш нікуды не лез. Але часам пісаў каментары пра вайну ў розныя ўкраінскія тэлеграм-каналы. Але калі ў 2025 годзе ўсё ўсплыло, паднялі ўвесь мой тэлефон — там куча маіх спраў і папер была».
Крымінальная справа і ціск сілавікоў
У 2025 годзе, калі беларускія сілавікі атрымалі доступ да баз даных «Гаюна», пачалася новая хваля рэпрэсій. Іллю падманным чынам выклікалі да ўчастковага, дзе мужчыну затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК.
Пасля затрымання Ілля сутыкнуўся з псіхалагічным ціскам: яму, шматдзетнаму бацьку і адзінаму карміцелю ў сям’і, спачатку пагражалі смяротным пакараннем, а пасля змясцілі ў СІЗА.
«Другі раз мяне затрымалі недзе восенню 2025 года. На той момант я ўжо не працаваў у Мінску і жыў дома, бо жонцы адной было цяжка спраўляцца з некалькімі дзецьмі. Уладкаваўся рабіць рамонты, адкрыў самазанятасць. Мяне і да гэтага перыядычна тузалі: выклікалі ў КДБ і РАУС, праводзілі «размовы», хацелі, каб я ім дакладваў, калі нехта нешта будзе прапаноўваць.
А аднойчы ўвечары мне патэлефанаваў участковы і сказаў прыехаць заўтра ў міграцыйную службу, у панядзелак. Панядзелак быў выходным, але я не надаў гэтаму значэння і сказаў, што прыеду а 10 гадзіне. Прыязджаю — нікога няма.
Тэлефаную ўчастковаму, ён кажа: «Пачакай, зараз пад’едзем». Стаю ля машыны каля ўзбочча. Пад’ехала шэрая «Шкода» з не затаніраванымі вокнамі, у ёй два мужыкі. Потым пад’ехаў затаніраваны шэры «Джылі». Я думаў, проста машыны. Хацеў падысці да сваёй па цыгарэты. «Джылі» стаў перад маёй машынай.
Я адчыняю дзверы з пасажырскага боку, і адтуль выбягаюць чатыры губазікаўцы. Я адразу тэлефон кінуў на сядзенне і рукі падняў — зразумеў, што гэта па мяне. Вакол нікога.
Потым мне патлумачылі, што гэта за «Гаюн» у 2022-м. Я кажу: «Дык калі гэта было, ужо і забыўся пра гэта». Аказалася, раней затрымалі адміністратарку «Гаюна». І высветлілася, што даныя пра тых, хто адпраўляў інфармацыю пра тэхніку, не выдаляліся і заставаліся ў іх. У губазікаў і КДБ гэта ўсё было як на далоні — хто і адкуль адпраўляў.
У той момант я адчуў страх. Не так за сябе, як за дзяцей і за жонку, бо я адзін працаваў. Мне спачатку сказалі «годзік» дадуць, а потым аказалася ад трох да сямі гадоў зняволення — я ў шоку быў. Мяне ўзялі мякка, не білі, хоць іншыя хлопцы ў СІЗА расказвалі, што іх моцна збівалі.
Я грамадзянін Украіны, у мяне быў толькі беларускі від на жыхарства. Мяне павезлі да маладога следчага. Праціўны хлопец. Ён дапытваў, а побач сядзелі два губазікі і опер. Праз гадзіну прыйшоў дзяржаўны адвакат, які проста сказаў: «Гавары як ёсць». А следчы адразу прыпужаў: «Ты ж разумееш, што за тое, што ты зрабіў — гэта смяротнае пакаранне?». Я наогул згубіўся і ў шоку быў. Яны ж спецыяльна палохаюць.
Пасля допыту павезлі ў ІЧУ, дзе я прабыў дні тры. Выклікалі да пракурора. Пракурор — мой сусед (у мяне там і мянты, і следчыя, і пракурор — усе суседзі). Жонка да яго прыходзіла, плакала, прасіла, бо я адзін карміцель. А яму ўсё роўна.
Ён падпісаў паперу на СІЗА. Пасля мяне адправілі туды этапам. Крымінальную справу завялі паводле артыкула 361-4 ч. 1 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці)».
Жыццё ў СІЗА і стаўленне сілавікоў да палітычных зняволеных
У зняволенні Ілля пабачыў, як функцыянуе беларуская пенітэнцыярная сістэма. Як распавёў суразмоўца, палітычныя зняволеныя знаходзяцца ў СІЗА ў самым нізе іерархіі адміністрацыі — іх лічаць больш небяспечнымі за серыйных забойцаў. Здзекі, жоўтыя біркі прафуліку, пастаянныя кайданкі на этапах і татальная ізаляцыя суправаджаюцца абсалютнай абыякавасцю медыкаў.
Калі ў Іллі абвастрылася язва, турэмны лекар адказаў на яго просьбу аб дапамозе лаянкай. Тым часам следчыя працягвалі маральны ціск, тэрарызуючы яго жонку на волі.
«Калі меў быць суд — ніхто не казаў. Па чутках, судзяць праз 5-6 месяцаў пасля затрымання. У СІЗА я прабыў амаль тры месяцы. За гэты час следчы даў толькі адно спатканне з жонкай. Два разы вазілі на допыты, бо ён збіраў характарыстыкі ўсюды, дзе я працаваў і жыў. Ён вельмі здзівіўся, што ўсе характарыстыкі былі выключна пазітыўныя. Пасля гэтага стаў мякчэй размаўляць.
На мяне моцнага ціску не было, але ціснулі на жонку. Следчы патрабаваў даць дазвол глядзець камеры ў кватэры. Яна адмовіла: «Мужа забралі, навошта вам сачыць, як я з дзецьмі ўрокі раблю і ежу гатую? У мяне і камер няма». Тады ёй пагражалі: «Калі ў цябе ў тэлефоне нешта знайду, паедзеш на трое сутак».
Мяне ж пыталі, ці ёсць ва Украіне знаёмыя вайскоўцы, з СБУ ці паліцыі. З паліцыі знаёмыя ёсць, з СБУ — не. Брат у мяне ваюе, але я пра гэта не казаў, слава Богу, яны гэтага не ведаюць.
Увогуле ў СІЗА ўсе, нават забойцы і махляры, уражаныя тым, як ставяцца да палітычных.
Палітычныя прыраўноўваюцца да маньякаў — асабліва небяспечныя людзі, на этапах заўсёды ў кайданках, размаўляць шмат з кім нельга, рот затыкаюць. У камеру могуць падсадзіць «шасцёрку», які працуе на опера, каб слухаў. У палітычных на дзвярах вісяць жоўтыя карткі — прафілактычны ўлік. Спаць палітычным можна толькі на верхніх ложках пад самай камерай назірання, каб было відаць.
Аднойчы я выклікаў лекара — у мяне язва, два тыдні так круціла, што ледзь вытрымаў. Прасіў лекі. А ён прыйшоў і сказаў: «Ідзі ты нах*р, бля*зь, не пі*дзі, што ў цябе нешта тут баліць». Нічога не даў.
Сам я не трапляў пад фізічныя здзекі, але хлопцы расказвалі, што часам людзі ў масках і з палкамі забягаюць у камеры, усіх выкідваюць на расцяжкі, робяць ператрусы».
Памілаванне і новае жыццё
Ноччу ў снежні 2025 года Іллю вывелі з камеры і ў кайданках павезлі ў невядомым кірунку. Апынуўшыся ў зімовым лесе сярод узброеных сілавікоў, ён развітаўся з жыццём, думаючы, што яго вязуць на расстрэл. Аднак замест гэтага Іллю разам з іншымі палітвязнямі перадалі ўкраінскаму боку. Сёння Ілля знаходзіцца ў бяспецы ў Еўропе, працуе і збірае грошы, каб як мага хутчэй выцягнуць сваю сям’ю з Беларусі.
«Да суда я так і не дасядзеў. Пра тое, што буду на волі, ніхто не папярэджваў. Я зразумеў гэта, толькі калі ўбачыў Кірыла Буданава і трапіў на тэрыторыю Украіны.
Гэты дзень, 13 снежня 2025 года, пачаўся каля 4-й гадзіны ночы. Зайшлі з сабакамі, канваіры кажуць: «З рэчамі на выхад». Да гэтага мы чулі па радыё навіны пра візіт Джона Коўла, пацаны яшчэ жартавалі: «О, зараз паедзеш дадому».
Выклікалі мяне ў распранальню, там стаяла жанчына і два мужыкі, адзін у балаклаве — я зразумеў, што гэта КДБ. Далі падпісаць нейкую паперу, аддалі пашпарт і апошнія 20 рублёў. Кажуць: «Бяры сумку, праходзь за намі». Я спытаў куды, а мне ў адказ: «Закрый рот нахрэн і не вякай».
Выходжу — стаіць бусік, чалавек сем кдбшнікаў, сабакі. Было вельмі страшна. Мяне пасадзілі ўніз бусіка, нахілілі ракам і прыкавалі кайданкамі да нейкай жалязякі.
Мы ездзілі па горадзе, каталіся. Потым яшчэ кагосьці забралі. Нас завезлі ў лес і поле. Я рэальна перапужаўся, думаў, што заб’юць і расстраляюць. Была куча машын, людзі ў масках са зброяй. Затым нас пачалі пераводзіць у аўтобусы.
Да лесу везлі ў масках, потым знялі, потым зноў надзелі. На рукі наляпілі скотч. Рэчы мае аддалі, акрамя ўкраінскага пасведчання аб нараджэнні.
Я пачаў здагадвацца пра абмен, але не разумеў, куды мы едзем: у Польшчу, Літву ці Украіну. Калі пад’язджалі, я змог крыху падгледзець праз маску. Пабачыў ўкраінскіх вайскоўцаў. Бусік спыняецца, дзверы адчыняюцца, з нас здымаюць мяшкі і скотч. Выходжу — стаіць Кірыл Буданаў, куча журналістаў і дактароў. Я зразумеў, што я дома. Ад рэзкай радасці і перажыванняў моцна разбалелася галава, нават дактароў выклікалі.
Я сказаў Буданаву, што ў мяне ў Беларусі засталася сям’я — жонка і дзеці. Ён перадаў інфармацыю. Мне сказалі, што Украіна можа дапамагчы, але на гэта сыдзе вельмі шмат часу. Таму я пачаў шукаць магчымасці самастойна.
Зараз я ў адной з еўрапейскіх краінаў, атрымаў статус часовай абароны. Адразу знайшоў працу. Зарплата маленькая, але трэба нешта зарабляць. Грошы аддаю на ежу, за кватэру, астатняе перасылаю жонцы. Яна засталася адна. А трэба карміць дзяцей, плаціць за дзве кватэры і садок. Мая галоўная мэта — хутчэй іх вывезці.
Спрабую рабіць дакументы — трэба апастыляваць 7 дакументаў, кожны каштуе па 500 рублёў. Дапамогі не хапае, збор праз фонды закрыць цалкам не ўдалося, чакаю нейкіх іншых магчымасцяў. Але вельмі спадзяюся, што хутка мы зноў будзем разам».
Читайте еще
Избранное