Гурневіч: «Беларусь стварылі неафіты. І ў менавіта ў гэтым наша моц і надзея»
Журналіст «Радыё Свабода» Дзмітрый Гурневіч — з аптымізмам пра тое, чаму вучыць нас гісторыя.
— Беларусь стварылі неафіты. І ў менавіта ў гэтым наша моц і надзея. Менавіта таму нас ніколі не знішчаць, — піша Зміцер Гурневіч.
Людзі, якія стваралі Беларусь, былі пераважна неафітамі. Луцкевічы, Езавітаў, Скірмунт, Бурбіс і многія-многія. Вядома, яны былі кроў і плоць гэтай зямлі, але з дзяцінства іх выхоўвалі ў расейскамоўнай або польскамоўнай традыцыі. Колас першы верш напісаў па-расейску, Купала – па-польску. І большасць нашых папярэднікаў маглі пайсці па жыцці зусім не беларускім шляхам.
Гэта бачна па прыкладзе сям’і Вацлава Іваноўскага, дзе тры браты абралі розныя ідэнтычнасці: беларускую, польскую і літоўскую. Для многіх стваральнікаў Беларусі беларускасць была іх свядомым выбарам ужо ў дарослым жыцці.
На Усебеларускім з’ездзе 1917 года, дзе афармлялялася ідэя Беларусі, не ўсе ведалі беларускую мову, не ведалі, дзе на карце знайсці Беларусь, а бел-чырвона-белы сцяг упершыню ўбачылі там, бо яго толькі-толькі прыдумалі. Але праз лічаныя месяцы пра яго ўжо складалі вершы. Праз тры гады яго ўздымалі паўстанцы пад Слуцкам.
Беларускасць не была для многіх (а рызыкну сказаць, для большасці) натуральным асяроддзем ад калыскі. Яны мусілі не адкрываць яе для сябе, але і самі ствараць, называць і асэнсоўваць упершыню. А калі гэту беларускасць адкрыеш, то назад дарогі няма.
Многія з нас прайшлі такі ж шлях, і мы ведаем, што гэта дзейнічае, як наркотык. Тое ж самае было і з імі. Гэта one-way ticket.
Беларуская справа трымаецца не на масах, і хіба што ніколі не будзе. Яна трымаецца на пасіянарнасці меншасці, на запале неафітаў, на навізне беларушчыны для кожнага чарговага пакалення, якое адкрывае для сябе яе прыгажосць.
Менавіта таму мы заўсёды прарастаем і будзем расці праз асфальт. Пасля Курапатаў, ГУЛАГу, падаўлення паўстанняў, русіфікацыі, здрадаў, мы заўсёды адновімся. Бо наша ідэя захоплівае нас саміх, мы жывем ёю самі, ніхто нас да гэтага не прымушае. Гэта наш маральны выбар, ніхто нам яго не навязвае і ў гэтым наша моц.
І менавіта таму беларусаў не трэба прымушаць быць беларусамі. Ім трэба проста не перашкаджаць імі быць.
Читайте еще
Избранное