Уся палітычная сістэма была скіраваная на тое, каб умацаваць уладу Орбана. Але той не стаў апеляваць да сілавых метадаў, як Лукашэнка, а пагадзіўся з воляй народа. Мне падаецца, гэта важны чыннік, які ў пэўным сэнсе ўплывае на грамадства і на эліту. Ён паказвае, што могуць быць «перакульныя выбары» (ёсць яшчэ тэрмін stunning elections — «выбары, якія ашаламляюць», адзін з рэдкіх сцэнароў дэмакратызацыі аўтарытарных або гібрыдных рэжымаў — С.).
Карбалевіч: Цяпер Фіца задумаецца, ці варта дзеля Лукашэнкі ствараць сабе дадатковыя праблемы
Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч у каментары Филину разабраў, якія высновы беларусы могуць зрабіць з выбараў у Венгрыі. І ці засталіся ў рэжыму Лукашэнкі сябры-таварышы ў Еўропе.
Параза Віктара Орбана ў Венгрыі — гэта не толькі прыклад таго, як працуе дэмакратыя, але і змяншэнне прарасійскіх настрояў у Еўропе, і спадзеў на большую падтрымку Украіны. А якімі могуць быць наступствы гэтых выбараў для Беларусі, і ці пазбавіўся рэжым Лукашэнкі, як казалі ягоныя прапагандысты, «голасу здаровага сэнсу», то-бок, лабістаў у шэрагах ЕС?
— Думаю, на Беларусь гэтыя выбары будуць аказваць толькі ўскосны, не наўпроставы ўплыў, — зазначыў Валер Карбалевіч у каментары Филину. — Перадусім важна адзначыць, што дэмакратыя спрацавала: народ на выбарах выбраў не тую партыю, якая панавала ва ўладзе ўжо шмат гадоў.
І гэта ў пэўным сэнсе паказвае, што, калі галасы лічаць і калі грамадства робіць стаўку на апазіцыю — то можна перамагчы нават у неспрыяльных умовах.
І гэта яшчэ адзін аргумент наконт таго, што ў выбарах па магчымасці трэба ўдзельнічаць. Беларуская апазіцыя ўжо шмат гадоў спрачаецца: ці выбары, ці байкот. Вугорцы паказалі, што нават у неспрыяльных умовах можна дасягнуць перамогі — зразумела, калі галасы лічаць.
Другі чыннік, на які звяртае ўвагу аналітык, — мяняецца той статус прарасійскага і антыўкраінскага гульца, які мела Венгрыя ў ЕС, блакуючы адзіную еўрапейскую пазіцыю:
— Наколькі моцныя і радыкальныя будуць гэтыя змены, пакуль не вельмі зразумела. Але ў тым выглядзе, як паводзіў сябе Орбан, хутчэй за ўсё, гэта не захаваецца. Што таксама паўплывае на ўсе расклады вакол расійска-ўкраінскай вайны, перспектывы яе заканчэння — і ў пэўным сэнсе на Беларусь.
То, атрымліваецца, Беларусь страціла Венгрыю як партнёра, з якім будавала стасункі і на падтрымку якога разлічвала датычна еўрапейскіх санкцый?
— Сапраўды, Венгрыя разбурала адзіны еўрапейскі курс на ізаляцыю рэжыму Лукашэнкі. Вугоршчына разам са Славакіяй маюць сваіх амбасадараў у Беларусі, у адрозненне ад іншых краін ЕС, а былы міністр замежных спраў Венгрыі кожны год наведваў Беларусь, — нагадвае Валер Карбалевіч. — Зрэшты, нейкіх практычных вынікаў гэта не дало: скажам, гандаль паміж краінамі знаходзіцца ў інтэрвале $100-150 мільёнаў, і візіты міністра не моцна на гандлёвыя адносіны паўплывалі.
Ці захавае Венгрыя свайго амбасадара ў Мінску — цяжка сказаць. Думаю, пакуль на гэтае пытанне і сам Мадзяр наўрад ці адкажа.
Беларускі кейс — далёка не самае галоўнае, з чым яму трэба разабрацца.
Цікава тое, як будзе паводзіць сябе Славакія. Летась гэтая краіна накіравала ў Мінск свайго пасла. А прэм’ер-міністр Фіца падчас сустрэчы з Лукашэнкам у Кітаі нібыта абяцаў зладзіць візіт у Беларусь.
Але ж пасля гэтых падзей, магчыма, ён задумаецца лішні раз, каб Славакія не аказалася адзінай краінай у ЕС, якая разбурае агульную лінію адносна Беларусі, і ці варта дзеля Лукашэнкі ствараць нейкія дадатковыя праблемы свайму іміджу.
— На ваш погляд, ці адгукнецца неяк афіцыйнаму Мінску рассінхранізацыя з Крамлём? Ні Пуцін, ні Трамп не павіншавалі Петэра Мадзяра з перамогай у Венгрыі, а Лукашэнка павіншаваў.
— Не думаю, што гэтыя віншаванні ствараюць канфліктную сітуацыю для Лукашэнкі і яго адносінаў ці то з РФ, ці то з ЗША. Гэта проста жэст ветлівасці: партыя перамагла, павіншавалі яе лідара, з разлікам: а раптам Мадзяр не будзе радыкальна мяняць пазіцыю Венгрыі адносна Беларусі.
Тым больш, нічога антыбеларускага ён не выказваў (антырасійскія заявы былі), дыпламатычныя адносіны ёсць — чаму б не павіншаваць на ўсякі выпадак?
Читайте еще
Избранное