Навумчык: «Той рэдкі выпадак, калі Аляксандар Рыгоравіч рэалізаваў сваё абяцаньне — амаль напоўніцу. Прыпоўз»

Публіцыст — пра новыя «экстрэмісцкія» статусы і тое, як рэжым выявіў сваё сапраўднае стаўленьне да ідэі Незалежнасьці.

— Паказальны падарунак атрымалі мы да 35-годзьдзя Незалежнасьці, якое спаўняецца 25 жніўня, — піша Сяргей Навумчык.

Сяргей Навумчык

Цягам аднаго дня экстрэмісцкімі, сярод іншых выданьняў, названыя: паэтычны зборнік асобы, якая ў якасьці Сакратара Рады БНР захавала пераемнасьць ідэі Незалежнасьці ад 1918 году да нашага часу (Геніюш), кніга мовазнаўцы — заснавальніка ў пачатку 1980-х моладзевай арганізацыі, якая вызначыла Незалежнасьць галоўнай мэтай пакаленьня (Вінцука Вячоркі), праграму палітыка — кіраўніка дэпутацкай фракцыі, якая ў 1991 дамаглася Незалежнасьці (Зянона Пазьняка), і кнігу галоўнай службовай асобы дзяржавы ў першыя гады Незалежнасьці (Станіслава Шушкевіча).

Тым самым у які ўжо раз рэжым выявіў сваё сапраўднае стаўленьне і да самой ідэі Незалежнасьці, і да асобаў, якія гэтую ідэю выпрацоўвалі і рэалізавалі.

Ну і зазначу, што ваш пакорны слуга абнавіў сьпіс уласных «экстрэмісцкіх» выданьняў — бо быў укладальнікам зборніка «Сьвятлана Алексіевіч. 100 цытатаў на Свабодзе»; а да гэтага — альбому «БНР-100», а яшчэ аўтарам кніг «Дзевяноста другі» і «Дзевяноста трэці»; усе яны ў адпаведным сьпісе.

Але ніяк не магу зразумкець лёгіку гэбістаў ці хто там насамрэч складае гэтыя сьпісы. «Дзевяноста другі» — самая бяскрыўдная мая кніга ў дачыненьні да Лукашэнкі, бо ў тым годзе ён нічым асабліва ня вызначыўся. Іншая справа — «Дзевяноста трэці»: тут адзін з разьдзелаў наўпрост названы цытатай Лукашэнкі: «Я гатовы на каленях паўзьці да Расеі».

Між іншым, той рэдкі выпадак, калі Аляксандар Рыгоравіч рэалізаваў сваё абяцаньне — амаль напоўніцу.

Прыпоўз.