11 жніўня адышоў у вечнасць вядомы беларускі палітык, былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч. Сын палітыка Ігар Кулей напісаў у Facebook, што бацькі не стала сёння раніцай, на пачатку 8-й гадзіны.
Аляксандру Мілінкевічу было 79 год. Летась прыканцы года ён перанёс складаную аперацыю па выдаленні тромба ў шыйнай артэрыі, бо была вельмі высокая рызыка інсульту. Пасля хірургічнага ўмяшальніцтва адбыліся ўскладненні, спатрэбілася інтэнсіўная тэрапія, лекаванне ўнутрышпітальных інфекцый і рэабілітацыя. Стан палітыка ўдалося стабілізаваць.
У спадара Аляксандра пацярпела правая частка мозгу, таму не слухаліся ногі і дрэнна працавала правая рука. Ён доўга аднаўляўся — і былі спадзевы, што справіцца з наступствамі. Беларуская грамадзянская супольнасць шчыра адгукнулася на запыт жонкі Іны Кулей — сродкі, патрэбныя для рэабілітацыі, былі сабраныя ўсяго за некалькі дзён. На жаль, цуда не здарылася…
Словы смутку і жалю ў сацсетках выказваюць дзясяткі нераўнадушных беларусаў. Свае спачуванні выказала лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская. Яна адзначыла, што спадар Аляксандр, «чалавек выключнай годнасці, светлай душы і светлага розуму, стаў для многіх з нас сапраўдным арыенцірам»:
— Дзякуючы сваёй мудрасці і жыццёваму досведу Аляксандр Уладзіміравіч быў для мяне надзейнай апорай і чалавекам, да чыёй думкі я заўсёды прыслухоўвалася з вялікай павагай.
Ён быў адным з самых яскравых і годных палітыкаў свайго часу. У 2006 годзе змог аб’яднаць вельмі шмат розных партый і рухаў, каб выкарыстаць выбары для актывізацыі нацыянальных сілаў. Яго адданасць Беларусі, нашай мове і культуры натхняла кожнага, каму выпаў гонар працаваць з ім побач.
Нагадаем, Аляксандр Мілінкевіч прайшоў шлях ад фізіка і выкладчыка да аднаго з самых вядомых прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай апазіцыі, выбітнага інтэлектуала. У 2006 годзе з’яўляўся адзіным кандыдатам у прэзідэнты ад аб’яднанай апазіцыі. Пасля падзей 2020-га разам з сям’ёй жыў у эміграцыі. Быў дарадцам Святланы Ціханоўскай і заснавальнікам «Вольнага беларускага ўніверсітэта».
«Салідарнасць» выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім спадара Аляксандра. Гэта вялізная горкая страта для ўсіх нас. Светлая памяць!
Читайте еще
Избранное