Пашкевіч: «З рэтранслятарамі пакуль «рассмакталася», але сама сітуацыя менш напружанай ад гэтага не стала»
Сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі — пра падзеі апошніх дзён і тое, што менавіта ў інтарэсах Беларусі.
— З рэтранслятарамі пакуль, як выглядае, «рассмакталася», але сама сітуацыя менш напружанай, прытым і ў нашых колах, ад гэтага не стала, — піша Аляксандр Пашкевіч.
Я сам раней не выказваўся, але краем вока сачыў за ФБ і бачыў, што там вяліся гарачыя дэбаты: добра для нас ці кепска, што ўкраінцы больш вострую пазіцыю ў дачыненні да Лукашэнкі занялі? Ці не скончыцца гэта перакіданнем вайны на тэрыторыю Беларусі, а калі скончыцца — то што гэта прарочыць?
Для мяне ў гэтай сітуацыі відавочна адно — абсалютна неаспрэчнае права ўкраінцаў у мэтах абароны сваёй краіны біць на тэрыторыі Расіі і яе саюзнікаў па ўсім, што пагражае бяспецы Украіны і жыццям яе людзей, па ўсім, што ўзмацняе расійскую ваенную машыну.
Пяты год ідзе абсалютна рэальная поўнамаштабная вайна, развязаная не Украінай. І Беларусь у гэтай вайне ўдзельнічае з самага першага дня, хай сабе не ў форме задзейнічання ўласнага войска. Таму і вайсковыя ды калявайсковыя аб'екты на яе тэрыторыі (уключна з прадпрыемствамі ВПК) — абсалютна легітымныя цэлі.
Таму, вядома, з пункту гледжання нашых бягучых інтарэсаў не варта жадаць, каб гэта адбылося, — яшчэ, здаецца, не прыспеў час. Але калі ўсё ж адбудзецца — ныць па прынцыпе «а нас то за што» таксама не трэба. Бо за што — якраз зразумела.
Калі, яшчэ раз падкрэслю, гаворка пра вайсковыя аб'екты і прадпрыемствы ВПК. Бо ўсім, хто не ружовы поні, зразумела, каму гэта ўсё забеспечвае тыл, падстаўляе плячо і на каго працуе.
Іншая рэч — што апрача чыста вайсковых магчымасцяў ёсць яшчэ і палітычныя меркаванні, дзеля якіх не заўсёды робіцца нават тое, што ў прынцыпе тэхнічна магчыма.
Мне здаецца, што Украіна цяпер усё ж пакуль не ў тым становішчы, каб свядома ператвараць проста зараз тэрыторыю Беларусі ў поле бою. Бо і Лукашэнка на гэтым полі пакуль не адзін. Але ў той жа час Украіна ўжо і дастаткова ўпэўненая, каб не падмятаць хвастом перад Лукашэнкам, а гаварыць з ім з пазіцыі моцнага. А паколькі такія суб'екты толькі такую мову і разумеюць, то менавіта такі тон адзіна правільны.
Што і засведчылі, у прынцыпе, падзеі апошняга тыдня. Вобразна кажучы, «жулики притаились в траве у самой дороги и, внезапно потеряв обычную наглость, молча смотрели на проходящую колонну». Калі калона прайшла — сталі звягаць услед. Ну, хай сабе...
Што будзе далей — пакуль аднаму богу вядома. Што найбольш прыкрае — мы самі на ход падзей паўплываць не можам, бо ў час, калі ўпэўнена гавораць толькі гарматы (ці ў сучасным свеце хутчэй ужо дроны), уплываюць на нешта толькі тыя, хто іх мае. Мы не маем, таму пакуль толькі назіраем, але не з вежы са слановай косці.
База ж застаецца ранейшая — у нашых інтарэсах толькі моцная Украіна, слабая Расія і слабы лукашэнкаўскі рэжым. І для нас добра толькі тое, што адных яшчэ больш узмацняе, а іншых усё больш аслабляе. Іншыя варыянты горшыя.
Читайте еще
Избранное