Цыганкоў: «Выбары ў Арменіі паказалі, што «не такая страшная Расея, як яна сама сябе малюе»

Палітычны аглядальнік — пра тое, як адна з самых залежных ад Расеі краіна, здолела аб’яднацца вакол тэмы суверэнітэту.

— Расея апошнія месяцы спрабавала актыўна ўмешвацца ў хаду выбараў, ажыццяўляла непрыхаваны ціск на Арменію, уводзіла забарону на ўвоз армянскай прадукцыі, выдавала заявы аб магчымых самых радыкальных негатыўных наступствах пра еўрапейскага курса, — піша Віталь Цыганкоў.

Віталь Цыганкоў

Але армянамі гэта было ўспрынята не як ціск канкрэтна на прэм’ера Пашыняна, а як ціск на ўсю краіну, на свабоду яе выбару. Фактычна Крэмль дапамог Пашыняну аб’яднаць значную частку грамадства менавіта вакол тэмы суверэнітэту і свабоды выбару.

Арменія, акрамя Беларусі — самая залежнай ад Расеі краіна. Там стаіць расейская ваенная база, Расеі прыналежаць мясцовыя энергетычныя магутнасці.

Але моцны ментальны паварот у бок ад Расеі адбыўся пасля таго, як Масква нічым не дапамагла Арменіі, свайму саюзніку па ваеннаму блоку АДКБ, калі Азербайджан захапіў спрэчны рэгіён Нагорны Карабах.

Пасля той кароткай вайны ў верасні 2023 года, якая хутка скончылася паразай Арменіі, Ерэван замарозіў свой удзел у Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Аднак пакуль застаецца сябрам Еўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС)

Відавочна, аднак, што і пасля сённяшняй паразы Масква будзе працягваць у дачыненні да Арменіі сваю палітыку ціску і шантажу. Магчыма, будуць падвышацца цэны на энергарэсурсы, будуць уводзіцца эканамічныя санкцыі, падвышэнне мытаў ці ўвогуле забарона армянскай прадукцыі.

Шмат цяпер будзе залежыць ад таго, наколькі Еўразвяз і ЗША зразумеюць важнасць Арменіі і будуць гатовыя дапамагаць ёй у такой сітуацыі – крэдытамі, рознымі транспартнымі праектамі, і, найперш, адкрыццём сваіх рынкаў для армянскіх тавараў.

І канешне, усе самыя жорсткія захады Масквы ў дачыненні да Арменіі будзе цалкам падтрымліваць Аляксандр Лукашэнка. Пасля пераходу Нагорнага Карабаха да Азербайджана адносіны Лукашэнкі з Пашынянам сапсаваліся максімальна, кожныя некалькі месяцаў паміж імі адбываліся розныя вербальныя сутычкі.

А незадоўга да выбараў Лукашэнка параіў жыхарам Арменіі быць асцярожнымі пры выбары паміж Расеяй і Еўропай, «каб не паўтарыць тое, што адбылося ва Украіне». І гэта гучыць як грубая і не прыхаваная пагроза.

Апошні год Масква зведвае адну за адной геапалітычныя паразы, калі прайгравалі саюзныя ёй палітычныя сілы, на якія яна рабіла стаўку – у Венгрыі, Малдове, цяпер у Арменіі.

Выбары ў Арменіі – ужо не першы раз – паказалі, што «не такая страшная Расея, як яна сама сябе малюе».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(9)