Общество

«Красоўкі мне прынёс палкоўнік». Валянцін Стэфановіч — пра пяць гадоў у ізаляцыі і вызваленне

Былы віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), намеснік старшыні «Вясны» Валянцін Стэфановіч даў першае інтэрв’ю праваабаронцам пасля зняволення, дзе распавёў пра турму і вызваленне.

Мы з вамі размаўляем у гандлёвым цэнтры – вы плануеце набыць новую вопратку. А пакуль вы ў сваёй вопратцы, у якой учора, 19 сакавіка, прыехалі ў Вільню. І гэтая вопратка нетурэмная. Алеся Бяляцкага вызвалялі ў турэмнай робе, і ён сказаў нам, што абавязкова яе захавае і, можа, перадасць у музей. Як вы думаеце, чаму вас вызвалялі не ў турэмнай робе?

– Так, сапраўды, нас вызвалялі не ў турэмнай робе. Калі нас забіралі з магілёўскай турмы, то мы былі апранутыя як звычайна. Але ў мяне ў торбе быў спартовы касцюм, у якім я зараз знаходжуся – гэта мне калісьці даслалі ў рэчавай перадачы яшчэ ў калонію. І я яго захоўваў.

Фота: «Вясна»

Там не было яго куды апранаць, таму што палітвязняў не пускаюць на спартовы гарадок – нам забаронена было туды хадзіць, нам нельга было хадзіць у клуб глядзець кіно – фактычна нічога не было магчымасці рабіць. І таму гэты спартовы касцюм ляжаў проста ў торбе, і калі нас ужо прывезлі з Магілёва ў СІЗА ў Мінску, з нас спачатку садралі нашыя бэйджы – як ён там правільна называецца, «нагрудны знак», а потым прыходзіў міліцыянт і запытваўся, ці ёсць у нас спартовыя касцюмы.

Я думаю, чаму яму так цікава? А потым нам сказалі пераапрануцца – мы пераапрануліся. І ў нас забралі нашыя робы, целагрэйкі, нават боты мае ім не спадабаліся, хаця яны былі не турэмныя, а таксама калісьці зайшлі ў рэчы ў перадачы.

Тым не менш ў мяне іх забралі – і мне нават набылі новыя красоўкі. Цэлы палкоўнік мне іх прынёс. Мне сказалі яшчэ пагаліцца – я пагаліўся. Відаць, яны вельмі дбалі, каб мы добра выглядалі, больш-менш прэзентабельна, калі нас вывязуць.

На жаль, мне не атрымалася захаваць гэтую робу. Ну як ёсць.

— Мы бралі інтэрв'ю ў Алеся Бяляцкага, калі ён вызваліўся, і ён сказаў такую фразу: «Я сябе адчуваю, нібы я вынырнуў у вольны свет». Якую б фразу вы сказалі?

— Я сябе адчуваю як іншапланетнік, які зваліўся з Месяца, альбо чалавек, які правёў у коме некалькі гадоў – і зараз ён прачнуўся. Таму што амаль пяць гадоў у ізаляцыі, асабліва апошнія паўтары гады, калі я быў у турме, у нас не было ні тэлевізара, нічога.

Радыё я чуў толькі праз вакно, альбо часам калі мы выходзілі на прагулку, ці калі я быў у ізалятары – там добра было радыё чуваць.

І ўвогуле, я падумаў, што апошнія тры гады фактычна толькі радыё я чуў: калі я быў у ізалятарах, калі я быў у ПКТ, восем месяцаў у адзіночнай камеры – я слухаў там радыё, першае дзяржаўнае, Першы нацыянальны канал. Я ўжо пазнаваў вядучых па галасах, я ведаю Таццяну Кулейку там і розных гэтых персанажаў.

Я заўсёды думаў: як яны выглядаюць насамрэч? Я слухаў усе гэтыя праграмы: «Сустрэча з песняй»…

Але гэта недахоп інфармацыі, недахоп камунікацый– я зараз з тэлефонам ледзь спраўляюся, я забыўся як ім карыстацца проста... І яшчэ шмат розных такіх рэчаў, якія я забыў за пяць гадоў.

Увогуле, калі мяне пасадзілі ў СІЗА, у мяне была думка, што гэта падобна нечым на смерць, толькі ты не памёр – ты застаўся жывы. Але дзесьці там звонку ідзе жыццё, яно ідзе сваім ходам, людзі жывуць так, як заўсёды жывуць – толькі там няма цябе. Вось і ўсё.

— Вы – віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH). 27 кастрычніка 2022 году ў межах 41 Кангрэсу FIDH вы былі пераабраны віцэ-прэзідэнтам. Ці даляцела да вас гэтая навіна?

— Так, я быў абраны. На апошнім Кангрэсе, у 2025 годзе, я ўжо не абіраўся – але гэта і правільна, напэўна, таму што ўсё ж такі кіруючы склад Федэрацыі мусіць быць дзеяздольны. І там ёсць шмат людзей, якія могуць пачэсна гэтую працу рабіць. Але тое, што ў 2022 годзе мяне пераабралі (я быў у СІЗА на той момант), лічу, што гэта важна было для мяне, таму што гэта адбылося перад судом.

Гэта была падтрымка і салідарнасць з боку маіх міжнародных калегаў з розных краінаў свету. Да мяне даляцела гэтая інфармацыя, я ведаў, што я пераабраны. Да мяне нават дайшло ў СІЗА віншаванне з Днём народзінаў за подпісам прэзідэнта нашай Федэрацыі. Гэта быў 2021 год. Але ў 2022 годзе ўжо ліставанне спынілася – мне не даходзілі лісты.

А ў 2021 годзе я атрымліваў вельмі шмат лістоў – з усіх розных канцоў краіны, і з-за мяжы, і нейкія дзіцячыя малюнкі – там было сказана «Добраму дзядзе», намаляваны коцік. Было прыемна, што людзі памяталі пра мяне і падтрымлівалі такім чынам. Я вельмі ўдзячны за гэта.

Гэта было вельмі важна. І ўлады гэта таксама ведалі, што такая падтрымка і ўвага дапамагае палітвязням, і зрабілі ўсё магчымае, каб гэтага не было.

Ліставанне спынілася, потым, я ведаю, людзей пачалі садзіць у турмы за тое, што яны пералічвалі грошы, і ў тым ліку па маёй справе на жанчыну з прозвішчам Верабей ўзбуджалі справу за тое, што яна пералічыла мне 20 рублёў, калі я быў у СІЗА.

Улады ведалі, што салідарнасць – гэта вельмі моцная рэч. Тое, што змяняе свет. Таму яны зрабілі ўсё магчымае, каб спыніць, забіць, і каб яе не было.

Я яшчэ прыгадваю пасылку з шакаладам, якую я атрымаў, калі ўжо быў у калоніі, ад нейкай нямецкай жанчыны, яе звалі Сюзанна. Я пратарчаў там на выдачы некалькі гадзінаў, прапусціў абед. Потым мне прынеслі гэты пакунак, спыталі: што там?

Я кажу: «Улічваючы, што тут напісана, гэта шакалад». «Ад каго? Вы ведаеце, хто гэта?». Я кажу: «Не ведаю». «Ну мы вам яго не аддадзім» – таму што толькі блізкія сваякі маглі перасылаць перадачы і пасылкі.

Таму я не атрымаў гэтую перадачу, але мне было прыемна, што нейкая Сюзанна з Нямеччыны памятае пра мяне, такога «няшчаснага зэка».

— У жніўні 2020 года, мне падаецца, вы былі першым чалавекам, які сказаў, што тое, што адбылося праз беларускі рэжым, гэта злачынствы супраць чалавечнасці. І вы ўзгадвалі, што Беларусь не ратыфікавала Рымскі статут да Міжнароднага крымінальнага суда…

Ці ведаеце вы навіну, што 12 сакавіка Міжнародны крымінальны суд заявіў пра пачатак расследавання магчымых злачынстваў супраць чалавечнасці, здзейсненых рэжымам Аляксандра Лукашэнкі?

– Так, я гэта ведаю. Гэта [адбылося] у тым ліку з дапамогай нашых літоўскіх сяброў. І тут была выкарыстана сітуацыя, што гэтая дэпартацыя ў шырокім сэнсе (дарэчы, якая адбылася і са мной), была скарыстана такім чынам, што Літва падала як трэцяя краіна ў МКС – гэта дае спадзяванне на тое, што міжнароднае права ўсё ж такі будзе працаваць, нягледзячы на тое, што Беларусь робіць усё магчымае, каб гэтага не было. Я ведаю, што дэнансаваны Першы факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах –  такім чынам Беларусь хацела пазбавіць нас апошняй магчымасці выкарыстоўваць міжнародныя механізмы (індывідуальных скаргаў беларускіх грамадзян).

[Пачатак расследавання] натхняе і дае магчымасць працаваць далей. І думаць, якім чынам яшчэ можна скарыстаць розныя сітуацыі, каб дамагчыся справядлівасці. Каб тыя, хто здзяйсняў гэтыя злачынствы, панеслі адказнасць.

Дарэчы, а адкуль вы гэта ведаеце? Вы даведаліся, калі ўжо выйшлі на волю ці раней?

Я адгалоскі чытаў напэўна ў СБ, але больш інфармацыі мне ўжо тут [на волі] распавялі, канешне. Адзінай крыніцай інфармацыі, якую я там апошнія паўтары гады атрымліваў, толькі СБ. Ясна, што там ўсё перакручанае з ног на галаву, але тым не менш, як у савецкіх газетах, паміж радкамі можна было што-небудзь прачытаць. І я  нейкую пэўную інфармацыю адтуль тым не менш атрымліваў.

Астатняя інфармацыя – гэта «зэк-радыё». Але «зэк-радыё» – такая рэч, што там трэба ўсё пераправяраць, таму што там таксама можа быць усё вельмі перакручанае, перавернутае. У асноўным гэта: каго дзе вызвалілі, хто куды пайшоў і як там што было... Але гэта таксама карысная інфармацыя.

Выгнанне – як вам адгукаецца гэтае слова?

– Я ў выгнанні, таму што я не збіраўся з'язджаць. Я ніколі не збіраўся з'язджаць. З 1998 года, з якога я ў «Вясне», і нават раней, калі я быў актыўным у моладзевым пратэсным руху, я ніколі не хацеў з'язджаць з краіны. Ну зараз так атрымалася, што нам не пакінулі ніякай альтэрнатывы. Альтэрнатыва – турма... Гэта цяжка…

Асабліва ў маёй сітуацыі, таму што я не такі малады ўжо... І пачынаць усё наноў – гэта канешне цяжкавата.

Але як ёсць. Жыццё працягваецца. Жыццё працягваецца.

Я думаю, што зараз будзе ўсё значна лепей, значна больш страката і яскрава, шмат розных задавальненняў ад жыцця я атрымаю, якіх я быў пазбаўлены гэтыя гады. Таму ў мяне вельмі пазітыўны настрой і вельмі аптымістычны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)