Надзея Нортан: «Фактычна мы зрабілі тут сваю беларускую Амерыку»
Пра святкаванне Дня Волі ў Сан-Францыска, пытанне Зяленскаму ды чаму ніхто, апроч беларусаў, не можа «сесці на каня», «Салідарнасці» распавяла лiдарка беларускай суполкі Сан-Францыска, сузаснавальніца, першая прэзідэнтка і сябра галоўнай упрацы Асацыяцыі беларусаў у Амерыцы Надзея Нортан.
Надзея з’ехала з Беларусі 15 гадоў таму. На год, вучыцца ды Амерыку паглядзець. Але ў цягніку сустрэла сваё амерыканскае каханне.
Распавядае пра родную Беларусь па той бок акіяна ды ўжо ў 9-ты раз з беларусамі Амерыкі адзначае Дзень Волі. Са сцягамі, танцамі ды падарункамі.
Шмат беларусаў прыходзіць, нягледзячы на запалохванне ад следчага камітэту. Надзея свой выбар — не баяцца — зрабіла даўно.
— У канцы 90-х я вучылася на гістарычным факультэце БДУ ды валанцёрыла ў Статкевіча падчас парламенцкай кампаніі.
У 2001-м уваходзіла ў штаб Ганчарыка, была брыгадзірам Маскоўскага раёну. Па ўзроўні арганізацыі гэта была вельмі прафесійна арганізаваная выбарчая кампанія. Здаецца, толькі ў Менску тады сабралі 100 тысяч подпісаў.
«Сустрэла будучага мужа, седзячы ў купэ — з доўгай белай касой ды вышываючы фартух ад нацыянальнага строя»

У 2011-м Надзея паехала вучыцца спачатку ў Еўропу, а потым у Амерыку. Але заўсёды хацела жыць у Менску, самым лепшым горадзе на планеце. Вучылася ў Любліне, Варшаве, а потым атрымала стыпендыю ў Цэнтры беларускіх даследаванняў у Злучаных Штатах.
— Трапіла ў Амерыку па навуцы. Напрыканцы сваёй праграмы, сябры параілі праехаць на цягніку з Каліфорніі ў Арыгон, пабачыць прыгажосць, бо там едзеш праз узбярэжжы, бачыш горы, і акіян.
Так я і сустрэла будучага мужа, седзячы ў купэ — з доўгай белай касой ды вышываючы фартух ад нацыянальнага строя, з арнаментам з кнігі «Повязь часоў — беларускі ручнік» Вольгі Лабачэўскай.

Дзень Волі ў Сан-Францыска мы адзначаем ужо 9 гадоў. Наша свята 25 сакавіка доўжыцца амаль цэлы дзень, выбіраем для яго вельмі прыгожае месца. Гэтым разам ладзім майстар-класы, адзін з іх генеалагічны — пра тое, як даследаваць свой род.
На свята прыязджаюць беларусы з Сан-Францыска, Бэй Эрыі і Сакрамэнта. Ладзім гульні і забавы для дарослых і для дзетак. І, канешне, будуць джамбо дранікі Sacramento style, якiя смажыць на месцы сям’я з Сакрамэнта.

Сярод прызоў у разыгранцы можна будзе атрымаць новае выданне «Каласоў пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча. І нават беларускія чыпсы. Як у дзяцінстве, памятаеце бульбяныя пласціны?
Заспяваем разам гімн БНР пад вынас 10-мятровага бела-чырвона-белага сцяга. Будзем танчыць беларускія танцы і вадзіць карагоды.

«Амапавец пажадаў мне добрай адсідкі, сказаў: «Трымайся, усё будзе добра!»
— Які Дзень Волі вы згадваеце часцей і чаму?
— Хiба гэта быў 2008-ты ў Менску. Частка людзей, як звычайна, збіралася ля Акадэміі навук. А мы былі бліжэй да плошчы Перамогі.
А за плошчай мост, які вядзе да цырка. І там стаіць АМОН. Але ж каго гэта калі спыняла!
Мы ідзем, як заўжды ў Менску ў сакавіку шэрае хмурнае надвор'е. І пачынаецца хапун. Той момант, калі адразу разумееш — трэба бегчы.
Бягу, за мной амапавец у «скафандры» і масцы. Бягу і бачу, што раптам у пад’ездзе адчыняюцца дзверы, куды я проста залятаю і бачу Вітаўта Сіўчыка з маці. Ён тады быў малы, нават цікава, ці памятае маё выратаванне (усміхаецца).
Але ж я згадваю і 25 сакавіка 2006-га, калі была арыштаваная з Плошчы Каліноўскага і апынулася ў Жодзіна. Адзіны мой Дзень Волі ў няволі!
Нас у камеры было 10 дзяўчат, то святкавалі як маглі: гарбатай і чорным хлебам. І ўсё роўна было адчуванне свята. У паветры вітала надзея, што ўсё яшчэ будзе, бо нешта павінна зрушыцца.
Была яшчэ цікавая гісторыя з амапаўцам, які суправаджаў з Акрэсціна да Жодзіна. І шчыра не разумеў: навошта мне гэта Плошча ды на такім марозе? Я казала, што ёсць матэрыяльныя каштоўнасці, а ёсць духоўныя. То вось для мяне галоўныя яны.
Доўга размаўлялі, то ён мяне яшчэ і папаліць вадзіў ды глядзеў, каб ніхто не бачыў. Я пачаставала яго цыгарэтамі. Але, калі ён потым прапанаваў ежу, то не ўзяла. Бо з рук амапаўца не магла сабе такое дазволіць.
Тады ён пачаставаў дзяўчат з нашага аўтазаку, бо былі вельмі галодныя. Калі даехалі да Жодзіна, пажадаў мне добрай адсідкі, сказаў: «Трымайся, усё павінна быць добра!»
Я прайшла шмат рознага: турму, арышт, пасля 2020-га сутыкнулася і з арыштам маёмасці, з тым, што людзі з Беларусі спыняюць камунікацыю.
З 90-х я брала ўдзел у апазіцыйным руху, бо хацела перамен у краіне. То яшчэ тады вырашыла не баяцца. Бо калі будзеш баяцца — як зможаш разлічваць на змены? Альбо баішся — альбо дзейнічаеш.
У 2018-м у Сан-Францыска мы адзначалі 100 год БНР. Рыхтаваліся, хацелася зрабіць штосьці асаблівае.
Прыдумалі перформанс: людзі ляглі ў літары і лічбы «БНР-100» і побач сцяг.
Я тады пашыла чатырохмятровы сцяг, які выкарыстоўваю да гэтага часу. І гэты сцяг тады, у 2018-м, быў побач з людзьмі-літарамі. Атрымалася інсталяцыя, якую знялі з дрона.
На самым пачатку таго святкавання бачу: ідзе працэсія, пара вельмі паважанага ўзросту, з імі чалавек на мыліцах, і яны нясуць наш сцяг. Годна, высока. Падыходзяць і кажуць: «Добры дзень! Са Святам!» Прынеслі ежу.
І нешта знаёмае мне падалося ў мужчыне. Але пазнала яго не адразу, а калі яны ўжо падзякавалі за арганізацыю ды запрасілі ў госці. Абменьваемся кантактамі, і жанчына кажа: «Запісвайце, Сямён і Галіна Шарэцкія».

Якраз з імі разам мы трымалі той чатырохмятровы сцяг. Я ведала, што Шарэцкі недзе ў Каліфорніі, але не адсочвала яго жыццё.
І гэта быў суперпадарунак для ўсіх беларусаў на свяце: экс-старшыня Вярхоўнага Савета прыйшоў і так адкрыта камунікаваў з усімі. Ад таго часу маем традыцыю віншаваць адзін аднаго з Днём Волі.
«Зяленскі, па-першае, расчуліўся ад беларускай мовы. Сказаў: вось, беларусы! Глядзіце — пытанне па-беларуску, і я ўсё зразумеў»
Надзея — адна з нешматлікіх беларусак, хто здолеў паразмаўляць з Уладзімірам Зяленскім. Прэзідэнт Украіны прыехаў у Стэнфард увосень 2021-га.
— Мяне запрасілі далучыцца сябры з украінскай дыяспары. Пасля прамовы Зяленскаму можна было задаць пытанне, і так атрымалася, што я была першая. Загаварыла адразу на беларускай мове. Спытала: што вы параіце беларусам, якія апынуліся ў вельмі складанай сітуацыі?
Прэзідэнт Зяленскі адказаў:
«Вы зараз звярнуліся на мове сваёй дзяржавы. І я вас цудоўна разумею. Гэта сведчыць пра тое, што ў нас рэальна агульная гісторыя, і сапраўды мы адзін аднаго разумеем. Я зараз не толькі пра нас з вамі, а і пра нашы народы».
Было бачна, што Зяленскі расчуліўся ад беларускай мовы.
Уладзімір Зяленскі пажадаў Беларусі стаць вольнай і дэмакратычнай, як Украіна, і скончыў словамі «Жыве Беларусь».
«У якую б краіну не прыязджала — заўжды ішла і шукала беларусаў. Калі пашукаеш — то яны абавязкова знойдуцца»

— Вы — такі мех энергіі і запалу. А як вы пераадольвалі сум і тугу эміграцыі?
— Спачатку было самотна. Цяпер я разумею, што для мяне самае важнае — знайсці сваіх. Сваё кола сяброў, аднадумцаў, блізкіх людзей. Мне было прасцей, бо я прыехала да каханага, фактычна ў мяне з’явілася новая сям’я.
Я ж не ведала ў 2011-м, калі прыехала ў Каліфорнію, што праз 15 год мы збудуем такую вялікую арганізацыю, як Асацыяцыя беларусаў у Амерыцы. Яна яднае каля 20 гарадоў з 12 штатаў. Фактычна мы зрабілі тут сваю беларускую Амерыку.

Але ж усё пачыналася з невялікіх крокаў і пошуку сваіх. Падтрымкі беларускай ідэнтычнасці і культуры, гісторыі і мовы.
Надаўна для мяне быў шок, калі дазналася, што іншыя народы не ведаюць выраз «сесці на каня». Пра гэта мне распавёў адзін беларускі габрэй. Нават паклікалі ўкраінца, расейца ды спыталі. Не ведаюць! Бо для іх сесці на каня — значыць залезці на каня (смяецца).
Так што ўсіх запрашаю прыходзіць на Дзень Волі ў Сан-Францыска!

Бо я ў якую б краіну не прыязджала — заўжды ішла і шукала беларусаў. Калі пашукаеш — то яны абавязкова знойдуцца, хоць мы, беларусы — партызаны ды часам хаваемся.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное