Общество

Стэфановіч: « У начальніка пачынаецца жудасны роў матам: «Вы «Вясна», вам тут салодка не падасца, я буду вам помсьціць»

Вялікая размова Радыё Свабода з вызваленым «вясноўцам» Валянцінам Стэфановічам.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч быў вызвалены апошнім зь «вясноўцаў». За кратамі ён правёў амаль 5 гадоў. 19 сакавіка Стэфановіча без дакумэнтаў вывезьлі зь Беларусі ў Літву. Зараз праваабаронца ў Варшаве, дзе жыве яго сям’я.

Вялянцін Стэфановіч пасьля вызваленьня ў Вільні. 19 сакавіка 2026 году Photo: svaboda.org (RFE/RL)

Намесьніка старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянціна Стэфановіча затрымалі 14 ліпеня 2021 году разам з Алесем Бяляцкім і Ўладзімерам Лабковічам. Трэцяга сакавіка 2023 году Валянціна асудзілі на 9 гадоў пазбаўленьня волі. Адбываў пакараньне спачатку ў магілёўскай калёніі № 15, апошнія паўтара году — у магілёўскай крытай турме № 4. Вызвалены і вывезены зь Беларусі 19 сакавіка 2026 году.

«Хлебануў я нармальна»

— Валянцін, чаму лідэры «Вясны» ня зьехалі, летам 2021 году былі ў Беларусі, калі былі ўжо «наезды» і пагромы грамадзкіх арганізацыяў, СМІ і гэтак далей? Няўжо праваабаронцы не адчувалі небясьпекі?

— Вядома, мы разумелі сытуацыю, быў сумны досьвед 2011 году, калі асудзілі Алеся Бяляцкага. І ў мяне тады была незразумелая сытуацыя: я выяжджаў на нейкі час ў Вільню, потым у Парыж. Але не зьяжджаў надоўга, бо трэба было рабіць усё магчымае, каб вызваліць Алеся: езьдзіў па міжнародных структурах у Брусэль, Страсбург, Жэнэву, а потым вярнуўся дахаты ў Беларусь.

У 2021 годзе мы рабілі прэвэнтыўныя захады, і супрацоўнікі цэнтральнага і рэгіянальных офісаў збольшага зьехалі. А мы з Алесем Бяляцкім і Ўладзем Лабковічам засталіся — гэта было наша рашэньне.

Валянцін Стэфановіч да зьняволеньня. Архіўнае фота

Мне было сорамна хавацца, калі ў краіне садзяць за пратэсты літаральна дзяцей. Тут два бакі мэдаля. Адзін бок прафэсійны — я спрацаваў як праваабаронца правільна, да апошняга выконваў свой абавязак і застаўся з нашымі людзьмі да канца.

Другі бок мэдаля — гэта мая сям’я: жонка і трое дзяцей. Я адчуваю вялікую віну перад сям’ёй за такі эгаістычны ўчынак. Але «хлебануў» я нармальна праз рашэньне заставацца ў Беларусі — амаль 5 гадоў за кратамі.

«Пад люпай падатковай інспэкцыі»

— Вам спачатку «шылі» фінансавыя злачынствы. Вы юрыст і праваабаронца — як ацэньваеце сьледзтва з прафэсійнага гледзішча?

— Нам інкрымінавалі артыкул 243, частку 2 — за гэта Бяляцкі быў асуджаны ў 2011 годзе. Затрымліваў нас Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў (ДФР). Былі спробы «непрацэсуальных кантактаў»: са мной хацелі проста пагаварыць.

Але я адразу сказаў: я юрыст, давайце вызначымся з маім працэсуальным статусам. Калі я не затрыманы, я зараз устаю і сыходжу. Калі я затрыманы — калі ласка, пакажыце пастанову, тады мы едзем у Сьледчы камітэт з адвакатам. Яны зразумелі, што спроба непрацэсуальных кантактаў безвыніковая.

Гэта, дарэчы, часта выкарыстоўваюць і не ў палітычных справах: «давай пагаворым без пратаколу», а самі запісваюць на дыктафон і афармляюць як «апэратыўна-сьледчыя мерапрыемствы». Ты нагаварыў на сябе, сьведчыў супраць сябе, а ў судзе вельмі цяжка ўсё гэта адкінуць.

Я падумаў: як гэта вы будзеце даказваць? У мяне з падаткамі ўсё выдатна, я працаваў афіцыйна, ёсьць дамова зь літоўскай арганізацыяй, грошы пералічваліся на рахунак у Менску, я штогод запаўняў дэклярацыю, спраўна плаціў падаткі. Увесь час я быў пад люпай розных органаў і падатковай інспэкцыі, праходзіў процьму праверак.

Праверка за апошнія 12 гадоў праводзілася, калі я ўжо быў у СІЗА. Усе мае выдаткі адпавядалі даходам, утоеных прыбыткаў не знайшлі — «заводаў-параходаў» у мяне няма. Таму я быў спакойны і глядзеў, што мне могуць інкрымінаваць.

Судовы працэс па справе лідараў «Вясны» Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Ўладзя Лабковіча

Афіцыйна гэта гучала так: мы, аплачваючы пэўныя работы і паслугі, не сплачвалі падаткі людзей, якім плацілі. Але ўсе працавалі паводле аднолькавых дамоваў, дзе напісана, што абавязак сплаты падаткаў кладзецца на саму асобу. Я заўсёды плаціў падаткі ў Беларусі, хоць мог плаціць іх у Літве. Я не павінен адказваць за трэціх асобаў — плацілі яны падаткі ці не.

Таму мне сьмешна было на гэта глядзець. Але гэта ўсё зацягнулася, мы амаль 2 гады былі пад сьледзтвам.

Я адмовіўся ад дачы паказаньняў, гэта маё працэсуальнае права — не хацеў камунікаваць, мяне фактычна не выклікалі на сьледчыя дзеяньні.

«Расклалі на стале сьцягі, грошы і цацачны пісталет»

— А як вас затрымлівалі? Ці былі маскі-шоў, уварваньне ў кватэру, пагрозы?

— Затрымліваў нас ДФР, ветлівыя супрацоўнікі — гэта не ГУБАЗіК. Самае сьмешнае было, калі пры затрыманьні знайшлі ў хаце цацачны пісталет сына — стылізаваны пад старажытны «кольт» з жалезным барабанам, але відавочна, што ён дзіцячы, страляе пістонамі… Яны так узрадаваліся, правялі экспэртызу, і аказалася — напісана, што гэта не баявая зброя. Я запытаўся: «Вы хаця б грошы зь мяне не ўзялі за гэту экспэртызу?» — «Не», — адказалі.

Сканфіскавалі мае асабістыя грошы — каля тысячы эўра. Кажу: «Гэта апошнія грошы ў сям’і, наш сямейны бюджэт, у мяне трое дзяцей». Забралі і грошы, і бел-чырвона-белыя сьцягі. Прычым усё гэта прыгожа расклалі на стале і здымалі: сьцягі, грошы і пісталет. Кажу: «Выдатная карцінка — у праваабаронцы знайшлі яшчэ і рэвальвэр!»

Я папрасіў: «Дайце разьвітацца зь сям’ёй». «Ну што вы, хутка вернецеся дахаты, мы чыста фармальна пагаворым».

Разьвітаўся, абняў жонку і дзяцей — і ўсё, амаль на 5 гадоў.

Сьледзтва цягнулася, мяне выклікалі перад закрыцьцём справы ўвосень 2022 году. Я думаў, будзе чыста фармальны момант, што справа закрытая. Мне з адвакатам паказваюць паперу аб спыненьні крымінальнага перасьледу паводле артыкулу 243. І іншую паперку — перакваліфікацыю на 228-ы артыкул, частку 4 — кантрабанда ў складзе арганізаванай групы, кваліфікацыйная прыкмета — арганізаваная група.

Яны «Вясну» палічылі «крымінальнай групай». І калі паводле 243-га артыкулу максымальны тэрмін або «хімія» да 5 гадоў, або пазбаўленьне волі ад 3 да 7 гадоў, то паводле артыкулу 228, ч. 4 — толькі пазбаўленьне волі ад 7 да 12 гадоў. Ну і «народны» артыкул 342, частка 2 — ён мяне менш за ўсё турбаваў: там было да 2 гадоў, я фактычна адседзеў у СІЗА гэты тэрмін. А вось 228-ы…

Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі на адным з «палітычных» працэсаў незадоўга да падзей 2020 году. Архіўнае фота

Я вытрымаў, не паказаў віду, што разгубіўся, расстроіўся, хоць у вачах паплыло… Сьледчы радасна сказаў: «Вы не чакалі?» Я адказаў, што «пры цяперашнім шырокім поглядзе на права — не расстрэльны артыкул, і дзякуй Богу». Пасьмяяліся, я пайшоў у камэру, і там мяне крыху прыбіла — бо я не разьлічваў на 12 гадоў!

— Ці перасякаліся вы падчас сьледзтва з калегамі-„саўдзельнікамі» Алесем Бяляцкім і Ўладзем Лабковічам?

— З калегамі перасякаўся ў калідорах СІЗА на Валадарцы, хоць і рэдка — я ж адмовіўся ад дачы паказаньняў. Дарэчы, сустрэў Алеся ў СІЗА ў дзень, калі яго абвесьцілі нобэлеўскім ляўрэатам. Адвакатка мне першаму паведаміла, што яму прысудзілі прэмію.

Мяне вывелі ў калідор, а там Алесь стаіць — тварам да сьцяны, рукі за галавой. Ён кажа: «Валік, ты чуў навіну пра Нобэля?» Адказваю: «Вядома!» — «І што з намі цяпер будзе?» — Я пажартаваў: «Расстраляюць адразу».

Наданьне Нобэлеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму — гэта актуалізацыя тае праблемы, што праваабаронцы ў Беларусі знаходзяцца за кратамі. У сьвеце ўсе ведалі, што ў Беларусі ёсьць палітвязьні, а тут нобэлеўскі ляўрэат сядзіць у турме.

«Можа, лепш будзе, каб суд праводзіў начальнік канвою?»

— Як прайшоў судовы працэс? Ён быў нібыта і адкрыты, але няшмат людзей адважылася прыйсьці.

— Суд пачаўся адразу пасьля пачатку новага, 2023 году. Да нас ставіліся дэманстратыўна прыніжальна. Мы ехалі ў кайданках, як і ўсе з прафіляктычным улікам, хаця фармальна мы на ім яшчэ не стаялі. У кайданках мы былі і ў клетцы, і ў «стакане» паміж паседжаньнямі. Кайданкі здымалі, толькі калі нам прывозілі гарачую ежу, бо працэс быў вельмі працяглы, у СІЗА нас не вазілі. Кайданкі перакідвалі то за сьпіну, то наперад.

Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч і Валянцін Стэфановіч на судовым працэсе па справе «Вясны»

Я спрабаваў ім давесьці, што гэта ўвогуле пярэчыць прынцыпу прэзумпцыі невінаватасьці, гэта жорсткае, прыніжальнае для чалавечай годнасьці абыходжаньнем.

Судзьдзя казала, калі я пярэчыў: «Мы ў працу канвою ня ўмешваемся». Я падкрэсьліў, што кажу не пра інструкцыі канвою, а пра канстытуцыйныя гарантыі. Маўляў, «можа, лепш будзе, каб і суд праводзіў начальнік канвою? Давайце замест вас ён будзе весьці працэс».

Судзьдзя пачала крычаць: «Стэфановіч, я вас выдалю з залі суду!» Я кажу: «Дык выдаляйце, бо гэта ня суд, а нейкі балаган і цырк».

Пракурор запатрабаваў пакараць нас максымальна: Алесю Бяляцкаму 12 гадоў, мне 11, Уладзю Лабковічу 9. Усё гэта суправаджалася актыўнай працай дзяржаўных СМІ: набеглі ўсялякія Азаронкі і потым са смакаваньнем на тэлеканалах паказвалі… Я думаў, што нам столькі і дадуць. Адвакатцы паўжартам кажу: «11 — мнагавата». Але нам усім па 2 гады скінулі.

«Я радуюся, я шчасьлівы: мне далі не 11 гадоў, а толькі 9!»

— Як вы ўспрынялі такі шалёны тэрмін — 9 гадоў пазбаўленьня волі? Ці ня здаўся ён вам тады «драконаўскім»?

— Тут атрымаўся дзіўны псыхалягічны эфэкт: я радуюся, я шчасьлівы — мне далі не 11 гадоў, а «толькі» 9! Потым асэнсоўваеш: «А чаму я радуюся?» Прыкінуў, колькі мне будзе гадоў, колькі маім дзецям. Асэнсаваньне пазьней прыходзіць, а на пачатку такая дзіўная радасьць была.

Але я зразумеў, што надзея ўсё адно памірае апошняй. І на зоне, і на «крытцы» (у крытай турме. — РС) увесь час на штосьці спадзяесься. Задужа спадзявацца таксама ня варта, ня трэба мець ружовых акуляраў, маўляў, заўтра цябе вызваляць… Я думаў, што гэта можа зацягнуцца і на 9 гадоў, а мо і на болей — у кантэксьце 411-га артыкулу.

Але асабліва кепскі, пэсымістычны настрой у мяне быў крыху раней, калі пачалася вайна ва Ўкраіне. Натуральна, мы ня ведалі ўсіх акалічнасьцяў. Але была такая «ўнутраная рассылка», палітычныя адзін аднаму «малявы» перасылалі, было наладжана інфармаваньне.

Я прачытаў, што з нашай тэрыторыі расейскія войскі ўвайшлі ва Ўкраіну, учынілі напад. Гэта мяне вельмі моцна прыбіла. Бо раней у мяне быў начны кашмар: мне здавалася, а раптам Пуцін, не давёўшы да ведама Лукашэнку, ці нават давёўшы, але напляваўшы на яго, возьме і маршам праедзе празь Беларусь і нападзе на Ўкраіну? Вось гэты сцэнар здарыўся і адбыўся.

Валянцін Стэфановіч, архіўнае фота

Я зразумеў, што цяпер чакаць вызваленьня не выпадае. Вызваленьні заўсёды адбываліся на фоне пацяпленьняў, жаданьня палепшыць стасункі з Захадам, зьняць санкцыі. А тут ідзе жорсткая канфрантацыя, жорсткая вайсковая рыторыка і з аднаго боку, і з другога. Пачынаецца мілітарызацыя на межах зь Беларусьсю — суседзі баяцца, што войскі, прыехаўшы на вучэньні, зноў могуць куды-небудзь пайсьці.

Таму якое вызваленьне? Я кажу палітвязьням: усё, сьцісьніце зубы і трывайце.

2022 і 2023 гады былі цяжкія — надзеі не было. А без надзеі, бязь візіі сваёй будучыні цяжка жыць. Калі вы гэта траціце — апускаюцца рукі.

«У калёніі на трэці дзень была правакацыя і 20 содняў ШЫЗА»

— А сама папраўчая калёнія — яна кагосьці выпраўляе? Вы трапілі ня ў самае лепшае месца: магілёўская ПК № 15 славіцца і холадам, і голадам…

— Я дапускаў, што будзе няпроста. І пабачыў сыстэмны падыход ціску на палітзьняволеных: усё прадумана, аптымізавана.

На Валадарцы мяне на прафіляктычны ўлік ня ставілі, бо ў мяне быў эканамічны артыкул. А тут адразу жоўтая бірка: прафіляктычны ўлік № 10 — «схільны да экстрэмісцкай ды іншай дэструкцыйнай дзейнасьці». Ты адразу пазбаўляесься ўсіх бонусаў, якія могуць быць на зоне.

Забаронена хадзіць у спартовае мястэчка, у кіно, удзельнічаць у культурніцкіх імпрэзах, канцэртах, інтэлектуальных гульнях, тэатральных конкурсах. Забаронена вучыцца ў ПТВ, каб атрымаць новую прафэсію (напрыклад, зварніка). Карацей, нічога нельга. Хіба што ў бібліятэку можна было хадзіць і на працу.

Маючы 10-ы прафіляктычны ўлік, ты не працуеш на вялікай «промцы» (прамысловай зоне, вытворчасьці. — РС), дзе можна атрымаць хоць нейкія грошы, а 30-50 рублёў для зоны на «атаварку» — гэта шмат). Мы працавалі толькі на нізкакваліфікаваных працах — ачыстцы алюмінію, часткова на дрэваапрацоўцы: у параўнаньні з «алюмініем» гэта інтэлектуальная праца, там яшчэ і душ быў! На «алюмініі» яго не было, ты брудны хадзіў, як сьвін.

Але гэта паўбяды. Самае сумнае і кепскае — пастаянныя спагнаньні з 10-м прафіляктычным улікам. На складзе (на жаргоне — у кешарцы) ляжаць вашы рэчы, яны мусяць быць апісаныя. Як бы вы дакладна іх ні апісалі — знойдуць штосьці ня ўпісанае.

Калі я «заехаў» у калёнію, на трэці дзень была правакацыя (як выявілася, даволі тыповая ў дачыненьні да палітычных). Мяне паклікаў да сябе старшы лейтэнант, пытаецца: «Што на вас надзета?» Адказваю: «Форма ўстаноўленага ўзору».

Адчуваю, што нешта рыхтуецца, пачынаюць дачэплівацца. Днявальны кліча: «Стэфановіч, што там у цябе з ложкам?» Захожу — задраная коўдра, хоць я яго нармальна заслаў. Калі заходзіш у спальнае памяшканьне, ты павінен пераабуцца ў гумовыя тапкі. Я іх абуў. Днявальны кажа: «Там цябе клічуць, падыдзі на хвіліначку». Падыходжу да дзьвярэй — там начальнік карантыну. Кажу: «Я ня ў форме, бяз ботаў». — «Заходзь на пару хвілін». Заходжу. «А чаго вы не па форме адзеты? Парушэньне». Атрымаў спагнаньне.

У начальніка пачынаецца жудасны роў матам, апошнімі словамі — супрацоўнікаў там шмат і ўсе равуць. Ты губляесься. Ён раве: «Вы «Вясна», вам тут салодка не падасца, я буду вам помсьціць».

Мяне вядуць ў ШЫЗА, на максымальны тэрмін 10 содняў (пазьней 15 зрабілі). Было 3 траўня, дзень народзінаў жонкі. Ацяпляльны сэзон скончыўся, але ўсе хадзілі ў целагрэйках, было халодна. Мяне пераапранаюць, забіраюць нацельную бялізну, застаюся ў майтках, даюць робу з надпісам «ШЫЗА», саджаюць у вялікую камэру. Я зусім ня мог спаць, дубар быў такі моцны! Я тросься, рабіў нейкія прысяданьні, адцісканьні.

У 2023 годзе я па 10 дзён амаль кожнага месяца адседзеў у ШЫЗА — агулам каля двух месяцаў. Новы 2024 год таксама сустрэў у ШЫЗА.

«Мыла ў тумбачцы трымаць можна, а мыльніцу не»

— А якія прыдумляюць падставы, каб пакараць, пасадзіць у ШЫЗА? Фантазію хоць праяўляюць?

— Прыдзіркі і падставы самыя розныя: то пыл знайшлі, то пры дакладзе штосьці няправільна сказаў. Даходзіла да абсурду: у мяне ў тумбачцы мыльніца з мылам, а ў сьпісе над тумбачкай напісана толькі пра мыла. То бок мыла трымаць можна, а мыльніцу не. Я кажу: паста таксама ў цюбіку — яе трэба выціснуць? Мне адказваюць: «Стэфановіч, вы ж усё разумееце!»

Потым начальнік атраду (ён быў чалавекам шчырым) проста прыходзіў і казаў: «Стэфановіч, мне трэба вас пакараць ШЫЗА». «Ясна, грамадзянін начальнік!» — «А што мы напішам?» Кажу: «Вопіс, як звычайна, або жаргоннае слова — што хочаце».

Я спачатку хацеў дзейнічаць як юрыст — пісаць тлумачэньні. Але зразумеў, што пішы не пішы, анінавошта гэта не ўплывае. А калі пішаш тлумачэньне, то прызнаеш, нібыта нешта парушыў. І я перастаў пісаць, сьведчыць супраць сябе.

Мяне пазбавілі ўсяго: спатканьняў, перадач, я стаў «злосьнікам». «Атаварка» на 2 базавыя велічыні, а ня 5. Ня сьвецяць ні амністыя, ні замена пакараньня на мякчэйшае — нічога.

У 2023 годзе я наагул ня меў перадачаў. Харчаваўся толькі за кошт «атаваркі». Было адно кароткатэрміновае спатканьне з бацькамі праз шкло і тэлефон. Доўгатэрміновых спатканьняў не было. 2

024 год пачаўся з таго, што я выйшаў чарговы раз з гэтай «кічы», а празь месяц распрацавалі цэлую спэцапэрацыю: мяне павялі на флюараграфію, а адтуль зноў на пакараньне, нават ня памятаю, за што. А потым на паседжаньні камісіі кажуць: «6 месяцаў ПКТ» (ізаляцыі ў «памяшканьні камэрнага тыпу». — РС). Я афігеў.

Валянцін Стэфановіч і Павал Севярынец у Вільні. 19 сакавіка 2026 году

У ПКТ даюць матрац, можна атаварвацца на 1 базавую велічыню, зь бібліятэкі кніжкі прыносяць, ты ў камэры часам з адным ці двума чалавекамі. Але я сядзеў адзін. І ня 6 месяцаў, а 8 — мне яшчэ дадалі ШЫЗА. Дарэчы, мне спадабалася, бо шмат залежыць ад таго, з кім ты сядзіш. Я ў ШЫЗА перасякаўся з такімі пэрсанажамі, што лепш ужо аднаму.

Дарэчы, шмат чытаў. Адразу сказаў, што ня буду чытаць савецкіх аўтараў, толькі дарэвалюцыйную клясыку або эмігрантаў кшталту Буніна, Набокава. «Архіпэляг ГУЛАГ» Салжаніцына перачытаў. Зь беларускіх пісьменьнікаў — Караткевіча і Быкава.

Я думаў, што праз 8 месяцаў мяне павязуць у турму, зьменяць рэжым на больш жорсткі. Але выпусьцілі на зону. Думаў, усё, адсталі ад мяне. Выявілася, не. Я быў на «промцы». Нам нечакана раздалі акуляры — дзеля аховы працы. Прыходзіць міліцыянт і кажа: «Чаму вы не карыстаецеся акулярамі?» Адчуваю, што пачынаюцца чарговыя прыдзіркі — і зноў ШЫЗА, на 10 дзён.

Сустрэча Валянціна Стэфановіча ў Вільні, 19 сакавіка 2026

Потым супрацоўнік кажа: «У мяне для вас кепская навіна — суд». Судзьдзя прыяжджае на зону. Зачытваюць характарыстыку — горшай уявіць ня мог! Я сякі-такі, упарта не хачу станавіцца на шлях выпраўленьня, кепска стаўлюся да працы… Я абурыўся: хіба я норму не вырабляў, што за лухта? Адзін раз без акуляраў быў — і гэта азначае, што кепска да працы стаўлюся?

Судзьдзя зрабіла выгляд, што будзе разьбірацца. Пракурор задаў дурное пытаньне: а чаго вы не абскарджвалі спагнаньні? Мне замянілі рэжым на строгі — прызначылі 3 гады турмы.

Этапавалі з калёніі № 15 у турму № 4. Апошнія паўтара году я знаходзіўся на строгім рэжыме. Камэра ў падвале, няма дзённага сьвятла, прагулка 40 хвілін у дзень, 1 базавая на «атаварку». Мяне перакідвалі па розных камэрах, некалькі разоў заяжджаў у ШЫЗА. Усё, як і ў калёніі, хіба што ў турме цяплей. Нары голыя. Ніякіх тэлевізараў, радыё на вуліцы.

«Бяляцкі і Лабковіч на вас нагаварылі, а вы на іх ня хочаце!»

— Ці чулі вы ва ўмовах турмы, дзе нават тэлевізара не было, пра вызваленьні іншых палітвязьняў? І шараговых, і знакавых?

— Пра вызваленьні я чуў. Ведаў, што вызвалілі Ціханоўскага. Да мяне прыйшоў тады супрацоўнік Магілёўскага ГУБАЗіКу. Думаю: можа, прыехаў мяне вызваляць? Той супрацоўнік пачынае мяне «разводзіць»: «Бяляцкага мы перавялі ў шпіталь, Лабковіча вызвалілі. Вы адзін засталіся, выходзьце з намі на дыялёг: раскажыце нам пра «Вясну», пра Бяляцкага, пра валянтэраў».

Я ўсё зразумеў. На такія рэчы не спакусіўся, пачаў зь яго сьцябацца: маўляў, «а колькі мне засталося? Усяго 4 гады! Нармальна!» Ён кажа: «Я бачу, вы яшчэ трымаецеся. Бяляцкі і Лабковіч на вас нагаварылі, а вы на іх ня хочаце!» Я адказаў, што ведаю: ніхто ні на кога не нагаварыў, бо ўпэўнены ў сваіх калегах. Карацей, разьвіталіся мы ні з чым.

Я яшчэ ў калёніі ў 2024-м чуў пра памілаваньні. Прыяжджалі пракуроры, выклікалі пэўных людзей, каб тыя пісалі прашэньні — я акурат тады быў у ПКТ.

Чуў у радыё, што вызвалілі 40 чалавек, быў указ Лукашэнкі. Думаў: «Што там адбываецца? Усіх вызвалілі, а пра мяне забыліся?» З надзеяй на лепшае я і існаваў апошнія гэтыя паўтара году.

— А як прайшло само вызваленьне? Ці былі якія прыкметы напярэдадні?

— Так, прыкметы былі. Зь ліставаньня зь сястрой і з газэты «СБ — Беларусь сегодня» я дазнаўся, што ў сьнежні прыяжджаў Коўл, вызвалілі пэўную колькасьць людзей, яны добраахвотна пакінулі тэрыторыю Беларусі. Я зразумеў: штосьці адбываецца. Плюс нечакана мне далі спатканьне зь сястрой, бо першага спатканьня, калі я толькі прыехаў у турму, мяне пазбавілі.

А пасьля 2 студзеня магло быць ужо другое спатканьне, і я ёй акуратна напісаў, каб прыяжджала. Яна вельмі добра разумела маю эзопаву мову і 6 студзеня нечакана прыехала.

Прыходзіць міліцыянт, пытае: «Стэфановіч, вы пісалі заяву на спатканьне?» Кажу, што не. «Дык напішыце на сястру». Я напісаў, той пайшоў да начальніка, доўга не вяртаўся. Я ўжо падумаў, што пазбавілі спатканьня. Але нарэшце мяне завялі на кароткатэрміновае спатканьне праз тэлефон.

Я ня бачыў сястру 3 гады! Мы глядзелі адно на аднаго. Яна далікатна сказала, што я, маўляў, не пастарэў, нават памаладзеў, добра выглядаю. Я пасьмяяўся: такі страшны зэк, жудасна выглядаю, толькі што зубы ня выпалі!

Яна мне сёе-тое акуратна расказала, і я даведаўся, што вызвалены ня толькі Бяляцкі, але і Лабковіч. Ён нейкі час быў у 4-й турме, потым яго вывезьлі ў Жодзіна, у СІЗА КДБ. Я зразумеў, што нейкія працэсы ідуць.

Пазьней у студзені мяне выклікаюць на «прадол», на калідор, і звычайны сяржант-кантралёр кажа: «Заўтра вас вызваляюць. Вы павінны пакінуць тэрыторыю краіны. Вы згодныя?» Альтэрнатывы не гучала.

— А ці ведалі на той момант вы гісторыю Статкевіча?

— Не, на той момант ня ведаў. У нашай камэры былі 8 чалавек, зь іх трое палітычных. Мне сказалі адназначна, што я вызваляюся. Хлопцам сказалі: імаверна, магчыма… Мы настолькі былі ўзрушаныя… Я ня спаў усю ноч — мяне вызваляюць! Але нічога не адбываецца дзень, два, тры, не адбываецца месяц! Падманулі.

Тры хвіліны на зборы

— Але перад вызваленьнем вы зноў трапляеце ў ШЫЗА. Ці заставаўся спадзеў?

— Так, у лютым я еду ў ШЫЗА на 10 дзён. Калі быў там, пастаянна думаў: «Дай Бог, каб гэта было апошняе ШЫЗА ў маім жыцьці». Так яно і здарылася. Але ШЫЗА было самым дзіўным. Мяне пасадзілі ў самую прыгожую камэру, яна ўся выкладзеная пліткай, была мыйка, вакенца драўлянае, але ўвесь час зачыненае, зусім не было паветра.

Вярнуўся ў турму. Усё было і чакана, і нечакана. У сераду 18 сакавіка аб 11-й гадзіне начальнік павінен абыходзіць усю турму. Тут залятаюць два АМАПаўцы ў масках, называюць прозьвішчы маё і Куляшова: «Тры хвіліны вам на зборы!» Усе пытаюцца: «А што адбываецца?» — «Яны зьяжджаюць!» Мы зьбіраемся, я прыхапіў толькі спартовы строй і паперы.

Нас шманаюць, праводзяць ператрус. Ёсьць прадчуваньне, чаканьне, але нічога не зразумела. Надзяваюць кайданкі, шапку на вочы. Двое вядуць мяне пад рукі, бо я ня бачу, куды ісьці. Заводзяць у аўтобус. Кажуць, што я еду на «сьледчыя мерапрыемствы». Мы прыехалі ў СІЗА ў Калядзічы (прычым спачатку я не разумею, што гэта за нейкая здаровая турма, зусім новая). Куча начальства — палкоўнік-падпалкоўнікі-сабакі.

Марфа Рабкова, Наста Лойка і Валянцін Стэфановіч пасьля вызваленьня. Побач зь імі часовая павераная ў справах Літвы ў Беларусі Аста Андрыяўскене

Я пазнаў Эдуарда Пальчыса, але не адразу: нас зь ім і з Куляшовым зьмясьцілі ў адну камэру. Раніцай усё начальства пачало бегаць, нам загадалі хутка пераапрануцца, забралі целагрэйкі, ім не спадабаліся мае боты, выдалі новыя красоўкі. Сказалі пагаліцца. Вывелі, пасадзілі ў аўтобус. Без кайданкоў, бяз шапак на вачах, ветліва. Дазволілі перамаўляцца.

Мы праехалі паварот на вуліцу Кіжаватава — побач бацькі мае жывуць, крыху зашчаміла. Мы ня ведалі, куды нас вязуць. Я чуў, што папярэднюю партыю вывезьлі ва Ўкраіну. Павярнулі на горадзенскую трасу, каля Валожына зноў паварот — зразумелі, што едзем у Літву.

— Дзе і калі вы сустрэліся з амэрыканскім спэцыяльным пасланьнікам Джонам Коўлам?

— Мы заехалі ў лес каля Каменнага Логу, стаялі каля гадзіны — як я зразмеў, чакалі амэрыканскага эскорту. Праехала машын пяць з дыпляматычнымі нумарамі, мы за імі паляцелі. Прычым беларускі бок нам не паведаміў, што мы памілаваныя. Не запытваліся — хочаце пакінуць Беларусь ці не? Проста прывезьлі на мяжу.

Спадар Коўл зайшоў у наш аўтобус, па-ангельску сказаў, што ўсё скончылася, мы вольныя, нас зараз перасадзяць у іншы аўтобус. Пераселі, нас выгрузілі на мяжы, літоўскія памежнікі пачалі займацца афармленьнем дакумэнтаў, прыехалі прадстаўнікі літоўскага МЗС.

Коўл яшчэ некалькі разоў выступаў перад намі, расказаў: былі перамовы, вынікам якіх сталася ваша вызваленьне. І што сёньня былі вызваленыя 250 чалавек, якія засталіся ў Беларусі. І што амэрыканскі бок будзе працягваць займацца вызваленьнем усіх астатніх палітвязьняў. Потым ён зьехаў.

Мы былі ня проста радасныя — былі агаломшаныя! Калі я зайшоў у іншы аўтобус, там ужо сядзелі Марфа Рабкова і Наста Лойка. Маёй радасьці не было межаў, я шмат разоў думаў пра іх, ніякай інфармацыі не было. І тут нас разам вызваляюць! Прайшлі ўсе працэдуры — і паехалі ў Вільню.

«Нас проста выправадзілі з краіны і ўсё — без пашпартоў»

— Ці вярнулі вам пашпарт, іншыя дакумэнты, паперы?

— Усе рэчы, зьвязаныя з турмой, — робы, целагрэйкі, жоўтыя цэтлікі — забралі. Усе нататкі, копіі пратаколаў, прысуду, накіраваньне ў турму не аддалі, вырвалі з нататніку старонкі з тэлефонамі сваякоў — я з тым нататнікам хадзіў званіць родным. Пашпарты не аддалі, выдалі толькі даведку — кшталту пацьверджаньня асобы. Фатаздымак зь пячаткай і напісана, што гэта Стэфановіч. Нічога не сказалі: можна вяртацца, няможна — нічога! Нас проста выправадзілі з краіны і ўсё — без пашпартоў!

Гэта новыя формы, якія выкарыстоўваюць улады, — дэпартацыя, гвалтоўнае выправаджэньне людзей без дакумэнтаў за мяжу, як мяне зараз выпхнулі. Не пыталіся — ці хочаш ты застацца, ці гэта тваё рашэньне? Сытуацыя крытычная. Як яна будзе разьвівацца? Я пакуль па-за кантэкстам.

— А як сустрэча зь сям’ёй? Вы літаральна на наступны дзень прыехалі зь Вільні ў Варшаву…

— Мая сям’я жыве ў Польшчы, я хацеў узьяднацца зь ёй. Дзякуй і польскаму, і літоўскаму ўрадам, што так цёпла нас прынялі, выдалі часовыя візы. Нам траім — мне, Насьце Лойцы і Каці Андрэевай — дазволілі паехаць у Польшчу. Давезьлі да Варшавы.

Я ня бачыў сям’ю амаль 5 гадоў. Ліставаньне было абмежаванае, з калёніі мне наагул не дазвалялі тэлефанаваць жонцы і дзецям, бо сям’я за мяжой, толькі з турмы некалькі разоў удалося пазваніць. Ні ў калёнію, ні ў турму лісты ад жонкі не даходзілі. Вядома, выказаць словамі, як прайшла сустрэча зь сям’ёй, немагчыма. Дзеці мяне вельмі чакалі, я ўражаны, як яны зьмяніліся: малодшай дачцэ было 4 гады, калі мяне затрымалі, зараз ёй 9.

Сям'я Валянціна Стэфановіча. Фота зробленае да яго зьняволеньня

Падобна да таго, што 5 гадоў я быў у коме, а зараз апрытомнеў. Ды яшчэ і ў чужой краіне. Сонца і неба… Гэта вельмі сымбалічна — вызваленьне «вясноўцаў» вясной! З Уладзем Лабковічам мы абняліся, Алесь тэлефанаваў — хутка сустрэнемся. «Вясноўцы» малайцы — як яны разгарнуліся! Я думаў, што засталіся некалькі чалавек, а ўсё працуе!

Пра іхную працу сьведчыла тое, што калі мяне ў калёніі адпраўлялі ў ШЫЗА, выдумаўшы нейкую фармальную падставу, начальнік заўсёды казаў: «Стэфановіч, ведаеце, за што вы трапілі ў ШЫЗА? На вашым сайце зноў напісалі пра ПК-15». Я жартаваў: «Я ж тут, а дзе той сайт „Вясны“»?

«Зараз адбываецца проста катастрофа. Гэта таталітарызм»

— Разумею, што вы ўсяго некалькі дзён на волі пасьля амаль 5 гадоў турмы. Можа, пасьпелі ўжо пачытаць, што адбываецца ў Беларусі, што рэпрэсіі працягваюцца? Ці чулі пра санкцыі і вызваленьне палітзьняволеных у абмен на іх зьняцьцё?

— Зараз адбываецца проста катастрофа — іншым словам гэта не назавеш. Бо ўсе катэгорыі грамадзянскіх і палітычных правоў і свабодаў, якія можна ўявіць, проста дэмантаваныя. Цалкам. Калі раней яны насілі абмежаваны характар, але можна было, умоўна кажучы, заплаціць за прыбіраньне тэрыторыі і правесьці нейкую публічную акцыю ў парку, то зараз нічога няможна.

То бок свабода слова, думак, сходаў, свабода СМІ — усё дэмантавана. Не існуе ніводнай апазыцыйнай палітычнай партыі, няма праваабарончых арганізацыяў. Дэмакратыя ажыцьцяўляецца на падставе ідэалёгіі беларускай дзяржавы. А хто яе напісаў? Кім яна ўстаноўлена, чаму яна абавязковая для ўсіх? Гэта таталітарызм. Гэта катастрофа.

Трэба, каб нашы калегі з заходніх краін настойвалі на мараторыі на перасьлед. А то адных вызвалілі, другіх пасадзілі — гэта будзе бясконцы працэс.

Што да санкцыяў, то калі б іх не было, то і не было б зараз падставаў для гандлю. Лукашэнка вызваліў нас не таму, што перадумаў, стаў добрым, вырашыў зладзіць шырокі грамадзкі дыялёг, прымірыцца, грамадзянскі мір аднавіць у краіне. Не. Найперш гэта эканоміка, цяжкае эканамічнае становішча, грошы — вось што ім кіруе.

Але калі б іх не было — напэўна, не было б прадмету для гандлю і не было б інструмэнту для ціску.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)