«Беларускае, свабоднае, незалежнае — ўсё роўна прарастае». У Варшаве пачалася канферэнцыя «Новая Беларусь»

Мерапрыемства ладзіцца пяты год запар.

Канферэнцыя пачалася з авацыяў былым палітзняволеным, якія ўдзельнічаюць у мерапрыемстве. Фота тут і далей: прэс-служба АПК

8-9 жніўня ў Варшаве праходзіць канферэнцыя «Новая Беларусь». Анлайн-трансляцыю можна пабачыць тут.

У праграме першага дня запланаваныя панэлі «Не чакаць, а ствараць новае вакно магчымасцяў», «Праз мір ва Украіне — да свабоды ў Беларусі» і «Постлукашэнкаўская» Беларусь. Рэформы. Перспектывы. Візіі».

Завершаць першы дзень прэзентацыя праектаў і ініцыятываў «Рашэнні для Беларусі», а таксама акустычны канцэрт Лявона Вольскага.

Канферэнцыя «Новая Беларусь» ладзіцца пяты год запар. Увагу да яе традыцыйна праяўляюць спецслужбы Лукашэнкі. Гэтым разам яны спрабавалі выведаць інфармацыю пра мерапрыемства. Раніцай 8 жніўня шэраг незалежных медыя апынуліся пад DDoS-атакай.

«Як бы ні фоташопілі Лукашэнку на БЕЛТА, яго час непазбежна сыходзіць»

У сваёй вітальнай прамове Святлана Ціханоўская вярнулася да жніўня 2020-га — да страху, невядомасці, першых сапраўдных вынікаў з участкаў і сотняў тысяч людзей пад бел-чырвона-белымі сцягамі.

Па словах Ціханоўскай, перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу:

Як бы ні фоташопілі Лукашэнку на БЕЛТА, яго час непазбежна сыходзіць.

Будуць гэта натуральныя прычыны, раскол у сістэме, ці нешта, чаго сёння ніхто з нас не можа прадбачыць, — мы не ведаем. Але трэба думаць ужо цяпер, як пост-лукашэнкаўская беларусь будзе выглядаць.

Як не дапусціць хаосу? Як вярнуць законнасць і адчуванне бяспекі? Як правесці свабодныя выбары? Як вывесці Беларусь з расійскага кантролю і вярнуць у еўрапейскую сям’ю?

«Супраць беларусаў ужываецца «ціхая зброя» — русыфікацыя»

Прэзідэнтка Рады БНР Івонка Сурвіла таксама прывітала ўдзельнікаў канферэнцыі. Яна адзначыла, што сярод прыхільнікаў пераменаў амаль не засталося тых, хто звязвае будучыню з Масквой, адзначае Радыё Свабода. І цытуе:

Супраць беларусаў ужываецца «ціхая зброя» — русыфікацыя. Беларускія кнігі абвяшчаюцца «экстрэмісцкімі», рэжым Лукашэнкі дапамагае Крамлю пашыраць «русский мир» у краіне. Таму я дзякую ўсім, хто захоўвае на чужыне беларускае слова. У такіх умовах нашай галоўнай мэтай становіцца захаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці.

«У нас розныя сябры»

Канферэнцыя «Новая Беларусь» пачалася са спрэчкі паміж Віктарам Бабарыкам і Паўлам Латушкам, паведамляе Еўрарадыё.

На панэлі «Не чакаць, а ствараць новае вакно магчымасцяў» яны па-рознаму ацанілі цікаўнасць беларусаў у Беларусі да дзейнасці беларускіх дэмсілаў.

«Я размаўляю са сваімі сябрамі ўнутры Беларусі. Ім не цікава, што адбываецца ў беларускіх дэмсілах», — заявіў Бабарыка.

«Я таксама размаўляю з сябрамі ўнутры Беларусі, — парыраваў Павел Латушка. — У нас розныя сябры!»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.7(3)