Политика

Класкоўскі: «Відаць, Коля трошкі адукаваў Лукашэнку ў плане інтэрнэту»

Палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі ў эфіры Белсату — пра барацьбу з беларушчынаю ў Беларусі.

Прапаганда пацвердзіла, што закрыццё крамаў, што прадавалі тавары з нацыянальным каларытам, – гэта спланаваная сілавікамі аперацыя, якая будзе працягвацца. Таксама прапагандысты прапануюць абмежаваць доступ да сацсетак.

«Паганым венікам вымецем усю гэтую нацыяналістычную заразу, – сказаў прарасейскі прапагандыст і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін на стрыме ў прапагандыста Грыгорыя Азаронка. – Ні «Рагнай» (закрытая этна-пляцоўка і крама сувеніраў. – Рэд.), ні вось гэтым «Грунвальдам» (адменены фестываль «Наш Грунвальд». – Рэд.) нічога не скончыцца».

Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што праўладныя прапагандысты ніяк не могуць забыць народны ўздым 2020 года:

— Хаця цяпер душаць беларушчыну ў такіх яе праявах, як продаж, напрыклад, нейкіх сувеніраў, цішотак з нацыянальнай сімволікай, яны разумеюць, што ўсё адно мазгі людзям не пераробяць. І з тых, хто выходзіў у 2020 годзе, прыхільнікаў сістэмы не зробіш.

На думку эксперта, сам Аляксандр Лукашэнка наўрад ці ведае назвы закрытых крамаў і не даваў указанні іх закрыць. Аднак тыя, хто займаліся закрыццём, ведаюць ягонае негатыўнае стаўленне да беларушчыны, таму не лічаць неабходным стрымлівацца.

— То бок яны шчыруюць, ведаючы, што ім дадзены на гэта карт-бланш, – кажа Класкоўскі.

Аляксандр Класкоўскі

Ён адзначае, што Лукашэнку чужы нацыянальны канцэпт.

— Ён спрабаваў адзін раз зрабіць мяккую беларусізацыю, адчуўшы, што Крэмль надта ўжо бярэ за гарляк. Але разумееце, у чым галоўная загана? Былі ў гісторыі і дыктатуры, якія будаваліся на нацыяналізме. Нават большасць дыктатараў менавіта такі нацыяналістычны канцэпт эксплуатуе, але Лукашэнка ад пачатку зрабіў стаўку на так званую братнюю інтэграцыю з Расеяй.

Гэта азначала, што трэба падабацца Маскве, а Масква бачыць нацыяналізм нават там, дзе ім і не пахне. Таму Лукашэнка, выбраўшы ў якасці стратэгічнага партнёра Маскву, а фактычна зрабіўшыся яе васалам, мусіць танчыць пад яе дудку. Гэта супадае з ягонымі ўнутранымі ўстаноўкамі нянавісці да беларушчыны, – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Пры гэтым Лукашэнка працягвае спрабаваць манеўраваць, хоць і катастрафічна падвысіў залежнасць ад Масквы пасля 2020 года.

— Але ж мы бачым, што яму з Пуціным, так бы мовіць, у адным акопе няўтульна. І ён манеўруе. Спрабуе і з (Доналдам) Трампам амерыканскі трэк неяк развіваць, і еўрапейскіх эмісараў запрашаюць у Менск. І з Кіевам, як высвятляецца, закулісныя ідуць перамовы.

То бок, канешне, ён чалавек, які адданы не нацыянальнай ідэі, але які шалёна любіць уладу. І з гэтага гледзішча ён манеўруе, каб не аддаваць гэтую тэрыторыю Маскве, – адзначае аналітык. – Тут загана ў тым, што ён зрабіў у свой час стаўку на імперыю, пайшоў на гэтую рызыкоўную гульню, і сітуацыя палягае ў тым, што кавалак за кавалкам ён мусіць ахвяраваць суверэнітэтам.

Таму манеўры Лукашэнкі адбываюцца ўсё ў болей і болей вузкім калідоры.

А што з амерыканцамі?

Наконт дыялогу з ЗША эксперт кажа, што працэс затармазіў, але няма прыкметаў, што ён спыніўся.

— Мы ведаем, што ў траўні Джон Коўл, спецпрадстаўнік Трампа, мусіў прыехаць у Менск, але потым ён у сацыяльных сетках некалькі разоў пацвердзіў, што работа працягваецца. Думаю, што гэта сапраўды працэс, у якім Лукашэнка больш зацікаўлены, чым Трамп. Таму ёсць спадзеў, ёсць падставы меркаваць, што ўсё ж такі адбудзецца праз нейкі час вызваленне чарговай групы палітзняволеных.

Тут іншая рэч: як кажуць дасведчаныя крыніцы, лукашэнкаўцы пачалі занадта шмат прасіць, – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Ён нагадвае, што была спроба паўплываць на еўрапейскія санкцыі з дапамогаю ЗША, але гэта не ўдалося.

Суразмоўца мяркуе, што перамовы з ЗША і вызваленні людзей усё ж павінны прадоўжыцца, нягледзячы на тое, што ў Беларусі працягваюцца рэпрэсіі, а цяпер прымусова закрываюцца крамы з беларускаю атрыбутыкаю.

— Я думаю, што для адміністрацыі Трампа такая сітуацыя – ніжэй за радары. Не сказаць каб Трамп і ягонае атачэнне надта пераймаліся правамі чалавека. У іх дамінуе трансакцыйны падыход, – адзначае аналітык.

Сацсеткі пакуль застаюцца

Тым часам у Беларусі прапагандысты, як раней старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава, прапануюць абмежаваць доступ да сацсетак і караць адміністрацыйна за скаргі там.

— Караць – гэта заўжды з задавальненнем. Тут, як вядома, машына працуе на поўную моц. І такія прэцэдэнты ўжо былі. Хаця адзін час улада ўсё ж, відаць, пастанавіла, што сацыяльныя сеткі – гэта нейкая аддушына, клапан для выпускання пары.

Я згадваю, як перад 8 сакавіка, перад жаночым святам, Лукашэнка ў сваёй такой манеры фальшывай казаў: «Дарагія жанчыны, калі нейкі мужык вас пакрыўдзіць, дык скардзіцеся ў TikTok, я кожную раніцу чытаю», – кажа Класкоўскі. – Відаць, Коля, малодшы сын, трошкі адукаваў Лукашэнку ў плане інтэрнэту, сацыяльных сетак.

Суразмоўца мяркуе, што Мікалаю Лукашэнку ўдалося патлумачыць Аляксандру Лукашэнку, што на інтэрнэце і сацсетках ужо трымаецца эканоміка, а таксама многія людзі сядзяць там проста для забавы.

— Большасць жа кантэнту ўсё ж забаўляльная. Скаргаў ці палітычных нейкіх тэзаў там адносна невялікі адсотак. Адабраць гэтую забаву ў людзей – гэта наадварот можа нават апалітычнага абывацеля раззлаваць, так што тут палка з двума канцамі, – працягвае Класкоўскі.

Ён адзначае, што пасля таго, як YouTube заблакаваў беларускія дзяржаўныя тэлеканалы, улады нічога не зрабілі.

— Тут, відаць, улады глядзяць і на досвед Расеі, дзе пачалі глушыць інтэрнэт, мэсэнджары, сацыяльныя сеткі. Гэта да велізарных збояў прывяло: у працы банкаў, плацежных сістэмаў і гэтак далей. І да росту незадавальнення. У пэўнай ступені нават у Расеі мусілі адкруціць назад. Таму, думаю, Лукашэнка пакуль не будзе спяшацца.

Але калі пагоршыцца эканамічная сітуацыя ці, крый Божа, палітычная сітуацыя, напрыклад, Беларусь сваймі войскамі ўступіць у вайну супраць Украіны, то тады, канешне, будуць усё гэта глушыць па поўнай праграме, як у Расеі, нават горай, таму што майстры гэтай справы ёсць, – рэзюмуе Аляксандр Класкоўскі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(5)