Цыганкоў: «Усё зменіцца, калі Лукашэнка сыдзе. Сістэма не застанецца некранутаю»

Палітычны аналітык Віталь Цыганкоў разважае на Белсат пра тое, ці адыдзе Лукашэнка ад улады і што можа быць пасля яго.

Віталь Цыганкоў

Памятаеце, калі ў ліпені Лукашэнка з’ехаў з візітам у Інданэзію, то і ў медыях, і ў сацсетках пачала разганяцца тэма, што Лукашэнка ўцёк, зваліў, схаваўся. Калі задача была ў тым, каб чарговы раз павесяліцца і пасцябацца, – то няхай сабе.

Але ж праблема ў тым, што некаторыя людзі сапраўды вераць, што Лукашэнка ў нейкі крытычны момант адразу ўцячэ з краіны. І ў 2020 годзе верылі, што, на маю думку, прынесла шмат шкоды.

На пытанне, пры якіх умовах ён можа сысці з улады, Лукашэнка адказаў даволі выразна яшчэ ў 1996 годзе, падчас канстытуцыйнага крызісу, калі разагнаў парламент і тым самым фактычна ажыццявіў дзяржаўны пераварот: ні пры якіх.

Потым, вядома, рыторыка змянілася. Ён, відаць, вырашыў, што бяспечней будзе закалыхваць людзей абяцаннямі, даваць ім надзею на лепшае, і пачаў гаварыць, як наеўся улады. Такіх цытатаў вельмі шмат.

У 2019 годзе прагучала фраза, якая сталася мэмам:

«Будзьце ўпэўненыя: я пасінелымі пальцамі за гэта крэсла трымацца не буду, калі вы адмовіце мне ў даверы».

У 2020 годзе ён казаў, што «будзе ў вас новы прэзідэнт». У лістападзе 2020-га даслоўна заяўляў: «Ніякую Канстытуцыю я пад сябе не раблю. З новаю Канстытуцыяй я ўжо з вамі прэзідэнтам працаваць не буду». Яшчэ тлумачыў, што новую Канстытуцыю ён рыхтуе для свайго пераемніка, паўнамоцтвы якога будуць абмежаваныя.

Новая Канстытуцыя, якая прымалася нібыта для транзіту ўлады, для іншага чалавека, была ўхваленая ў лютым 2022 года, – але з намі ўсё той жа твар, тыя самыя пасінелыя пальцы.

І так год за годам. Кажа, што стаміўся, наеўся уладай, не будзе трымацца, хутка прыйдзе новае пакаленне, а потым – бац: «Што – апяць?»

Што самае смешнае (а можа, і трагічнае), што знаходзіліся людзі, якія, напрыклад, верылі, што Аляксандр Лукашэнка не будзе вылучацца на так званых выбарах у 2025 годзе.

Прызнаюся, часам нават я пачынаю сумнявацца. Калі нейкія эксперты гадамі нам даказваюць, што Лукашэнка не будзе вылучацца альбо вось-вось сыдзе, – гэта проста наіўнасць ці наўмысная гульня на ўладныя наратывы?

Дарэчы. Яшчэ адзін аргумент таксама выклікае ў мяне моцныя падазрэнні наконт таго, хто і навошта запускае яго ў публічную прастору. Гэта аргумент на тэму «а можа, без Лукашэнкі будзе яшчэ горш».

Маўляў, сыход Лукашэнкі не пазбавіць Беларусь сістэмных праблемаў, многія з якіх адлюстроўваюць сённяшні ўзровень свядомасці і развіцця беларускага грамадства. Часам узнікае ўражанне, што такія размовы заводзяць людзі, якія альбо не ўяўляюць, як функцыянуе аўтарытарная сістэма ў Беларусі, альбо наўмысна хочуць навязаць грамадству тэзіс, што кардынальныя перамены не адбудуцца нават пасля сыходу дыктатара.

У Беларусі пабудаваная і функцыянуе аўтарытарная сістэма, дзе ўсё завязана менавіта на асобе аднаго чалавека. Большасць стратэгічных і тактычных рашэнняў накіраваная найперш на інтарэсы палітычнага выжывання менавіта гэтага чалавека і мала звязаная з інтарэсамі Беларусі.

Задумайцеся, калі б кіраўнік дзяржавы сапраўды думаў пра інтарэсы краіны – ці рабіў бы ён дзеянні, якія прывялі да грамадзянскага канфлікту, міжнародных санкцыяў, ізаляцыі, рэпрэсіяў і масавай міграцыі? Калі б інтарэсы краіны былі вышэйшыя за імкненне захаваць уладу, ён бы на гэта не пайшоў.

Таму любая замена гэтага чалавека аб'ектыўна прынясе кардынальныя перамены пры любым варыянце развіцця падзеяў.

Гісторыя ведае нямала прыкладаў, калі аўтарытарны рэжым трымаўся толькі на звычцы дзяржаўнай машыны выконваць любыя, часам самыя неадэкватныя пажаданні аўтарытарнага кіраўніка. Тыя, хто заяўляе, што пасля сыходу Лукашэнкі сістэма застанецца і нічога не зменіцца, – проста не разумеюць, як функцыянуюць такія палітычныя рэжымы.

Большасць гістарычных прыкладаў – Піначэта ў Чылі, Франка ў Іспаніі, Салазара ў Партугаліі – дэманструюць: аўтарытарныя рэжымы дастаткова хутка трансфармаваліся адразу пасля адыходу кіраўніка ад улады. Прытым не толькі тады, калі каўдыллё замянялі апазіцыйныя яму сілы, але і ў выпадку, калі на змену прыходзілі пераемнікі ці паплечнікі, – перамены ўсё роўна былі непазбежныя.

Можна прыгадаць і Савецкі Саюз, калі смерць Сталіна не памяняла сістэмы, але змяніла краіну, асабліва для тых мільёнаў людзей, якія былі вызваленыя з лагераў. А можна прыгадаць і сённяшнюю Венесуэлу, дзе ўжо пачаліся перамовы паміж уладай і апазіцыяй.

Аляксандр Лукашэнка, узброены аўтаматам Калашнікава (у цэнтры), вітае супрацоўнікаў міліцыі і АМАП каля Палацу Незалежнасці ў Менску, Беларусь. 23 жніўня 2020 года. Фота: State TV and Radio Company of Belarus via AP / East News

У гэтым ёсць нейкая непазбежная гістарычная заканамернасць: любы пераемнік дыктатара, нават той, які клянецца ў вернасці існаму курсу, насамрэч амаль заўсёды вымушаны праводзіць іншую, звычайна больш ліберальную, палітыку.

Заўважце, фанаты Аляксандра Лукашэнкі называюць сабе «ябацькамі», прызнаючы, што яны не прыхільнікі нейкага пэўнага палітычнага курсу, ідэяў ці прынцыпаў, а падданыя аднаго канкрэтнага чалавека. Не стане гэтага чалавека на чале дзяржавы – яны, не маючы ніякай ідэйнасці, альбо знікнуць, альбо разбягуцца па самых розных палітычных прыхільнасцях.

Так што – усё зменіцца, калі Лукашэнка сыдзе. Сістэма не застанецца некранутаю, пачнецца барацьба за ўладу, з’явяцца розныя групы інтарэсаў, перацягванне канату, імкліва падключацца замежныя гульцы.

Дарэчы, тым, хто спадзяваўся, што Лукашэнка кудысьці знікне, уляціць, збяжыць, – ён сам адказаў максімальна выразна яшчэ 17 жніўня 2020 года, падчас той славутай сустрэчы з рабочымі Менскага заводу колавых цягачоў, якія крычалі яму: «Сыходзь!»: «Пакуль вы мяне не заб’еце, іншых выбараў не будзе».

І праз шэсць гадоў пасля тых падзеяў відавочна, што на сёння ён не рыхтуе ніякага пераемніка, бо выбраў сцэнар «сяджу ў крэсле да апошняга». Пэўны час ён сапраўды шукаў, але так і не знайшоў прымальнага для сябе механізму транзіту ўлады, пры якім захаваў бы ўплыў і кіраванне сістэмаю.

Так і не знайшоў, а таму вырашыў: ну і халера з ім, больш не буду нічога шукаць, буду сядзець да смерці.

Лукашэнка не давярае нікому, нават сваім старэйшым сынам, не верыць у іхнія здольнасці кіраваць краінаю. Лукашэнка лічыць, што ніхто іншы не зможа эфектыўна ўтрымаць сістэму, таму ён імкнецца да максімальна працяглага ці нават пажыццёвага захавання статус-кво.

Так што – пара б нам усім зразумець, што нікуды ён не ўцячэ. Толькі «наперад нагамі». Улада для яго сінонім жыцця, пакуль ён жывы, то будзе чапляцца за ўладу да апошняга ўздыху. Сітуацыю варта ацэньваць адэкватна, 30 гадоў даволі вялікі тэрмін, каб зрабіць дакладныя абгрунтаваныя фактамі высновы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(15)