Ніколі раней падчас прэзыдэнцкіх выбараў падтрымка беларускай апазыцыі з боку заходніх краін не была такой нязначнай.
Карбалевіч: «Крэмль чакаў, калі кліент сасьпее»
За падтрымку з боку Ўладзіміра Пуціна ў 2020 годзе Аляксандар Лукашэнка расплаціўся безальтэрнатыўнасьцю замежнай палітыкі Беларусі. Цана ўтрыманьня ўлады выявіалася празьмерна высокай ня толькі для Беларусі як дзяржавы, але і для яго асабіста, піша палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.
Расклад 2020 году
Як вядома, вялікае і дробнае бачыцца на адлегласьці. І толькі час дазваляе аддзяліць галоўнае ад другараднага. Усё ў палітычнай гісторыі мае значэньне і свае наступствы.
Шостая гадавіна рэвалюцыйнага выбуху дае падставу зноў зьвярнуцца да падзеяў 2020 году. Бо яны шмат што тлумачаць у сёньняшніх палітычных працэсах. Цяперашняя палітыка і ўлады, і апазыцыі — гэта сымбалічная спадчына 2020 году. У нейкім сэнсе абодва бакі канфлікту беларускай драмы аказаліся закладнікамі гэтых падзеяў. І ня могуць «перагарнуць старонку», нават калі б захацелі.
У той жа час 2020 год быў гістарычнай разьвілкай. Выбар шляху ня быў жорстка перадвызначаны, усё магло пайсьці паводле іншага сцэнара. Асабліва гэта тычыцца вонкавай палітыкі Беларусі, яе геапалітычнага стану.
У 2020 год кіраўніцтва Беларусі ўступіла ў стане даволі жорсткага канфлікту з Расеяй. Масква ўвязвала сваю гатоўнасьць аказваць эканамічную дапамогу хаўрусьніку толькі пры ўмове радыкальнай эканамічнай інтэграцыі (распрацавалі 31 «дарожную мапу» паглыбленай інтэграцыі).
Афіцыйны Менск шукаў выйсьця ў больш актыўных кантактах з Захадам. У жніўні 2019 году адбыўся візыт у Беларусь дарадцы прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джона Болтана. У лютым 2020 году Менск наведаў дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо. Двума танкерамі ў Беларусь даставілі амэрыканскую нафту.
Прэзыдэнцкая кампанія 2020 году разьвівалася падчас жорсткай канфрантацыі з Расеяй. Галоўны апанэнт Аляксандра Лукашэнкі на пачатку кампаніі Віктар Бабарыка быў аб’яўлены агентам Крамля. На тэрыторыі Беларусі сілавікі затрымалі групу наймітаў-«вагнэраўцаў», якіх вінавацілі ў рыхтаваньні перавароту.
Зь іншага боку, Захад зыходзіў з таго, што выбары пройдуць паводле звыклага сцэнара (гэта калі Лукашэнку намалююць 80% галасоў), і ставіў на супрацу зь дзейным рэжымам.
Ад Лукашэнкі патрабавалася правесьці выбарчую кампанію безь вялікага гвалту, крыві, палітзьняволеных. Але здарыўся ідэальны шторм, гэта значыць рэдкі зьбег абставінаў, якія прывялі да выбуху пратэсту.
Лукашэнка выбраў расейскі палон
Аляксандр Лукашэнка паўстаў перад выбарам, бо захаваньне ранейшага стану абсалютнага паўнаўладзьдзя было ўжо немагчымае. Дылема была такая: падзяліцца ўладай зь беларускім народам ці з Уладзімірам Пуціным. Першы варыянт азначаў захаваньне стабільных адносінаў з Захадам.
Аднак Лукашэнка выбраў другое. Бо ў яго сярэднявечнае ўяўленьне пра ўладу. Дзяліцца ёю з плебсам для яго было б ганебным.
А вось трапіць у залежнасьць ад мацнейшага суседняга сувэрэна — у гэтым, паводле паняцьцяў Сярэднявечча, няма нічога саромнага.
У выніку фактычна за адну ноч з 9 на 10 жніўня 2020 году ў Беларусі радыкальна памяняўся геапалітычны расклад. Да асноўнага дня галасаваньня дзяржаўныя мэдыя Беларусі абвінавачвалі Расею ва ўмяшаньні ў выбарчую кампанію. А на наступны дзень пасьля выбараў РФ ператварылася ў галоўнага сябра. А Захад раптам стаў асноўным ворагам.
Расея апынулася ў ролі выратавальніка, падтрымаўшы Лукашэнку. Аднак расейскі прэзыдэнт паставіўся да хаўрусьніка, які трапіў у бяду, з асаблівай цынічнасьцю. 7–10 дзён ён вытрымліваў паўзу, усе расейскія фэдэральныя тэлеканалы ў гэтую часавую фортку паказвалі аб’ектыўную карціну падзеяў у Беларусі.
Крэмль чакаў, калі кліент сасьпее. І потым пачаў віць вяроўкі. Лукашэнка пад ціскам Крамля пагадзіўся на канстытуцыйную рэформу, абяцаў датэрміновыя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары, казаў, што болей ня будзе балятавацца на пасаду прэзыдэнта.
Дыскамфорт дыктатара
Трапіўшы ў вялізную залежнасьць ад Расеі, Лукашэнка адчуваў сябе вельмі некамфортна. Бо хутка зразумеў, што страціў абсалютнае паўнаўладзьдзе.
Рэч у тым, што для Лукашэнкі палітыка — гэта бясконцая гульня, барацьба волі, характараў, хітрасьці, нэрваў.
Усёй папярэдняй гісторыі беларуска-расейскіх адносінаў найноўшага часу былі ўласьцівыя бясконцыя канфлікты. Напачатку гэта была гульня з Барысам Ельцыным за крамлёўскі пасад. Потым Аляксандар Лукашэнка пастаянна канфліктаваў з Уладзімірам Пуціным і Дзьмітрыем Мядзьведзевым за тое, чым Расея заплаціць за статус Беларусі як галоўнага хаўрусьніка.
У 2008–2010 і 2014–2020 гадах афіцыйны Менск праводзіў палітыку «шматвэктарнасьці», імкнуўся балянсаваць паміж Расеяй і Захадам.
І вось у 2020 годзе ўся гэтая шматвэктарнасьць скончылася. А 2022 год паставіў на ёй тлустую кропку. Палітыка як гульня зьнікла. Зьявілася безальтэрнатыўнасьць, безварыянтнасьць. Поле для манэўру зьнікла практычна цалкам. Расея напала на Украіну з тэрыторыі Беларусі. У дакумэнтах ААН Беларусь аб’яўлена суагрэсарам. Краіна была ўцягнутая ў чужую вайну, і Лукашэнка нічога ня мог зрабіць.
Такім чынам, уладу Лукашэнка ўтрымаў. Але цаной краху ўсёй папярэдняй палітыкі, адмовы ад уласнага палітычнага стылю, вобразу, страты магчымасьці праводзіць самастойную замежную, вайсковую палітыку.
Паездкі па краінах Глябальнага Поўдня (М’янма, КНДР, Зымбабвэ) — гэта даволі адчайная спроба даказаць беларускаму насельніцтву, эліце, вонкавым актарам, што Беларусь на чале з Лукашэнкам — гэта ўсё яшчэ суб’ект міжнароднай палітыкі. Атрымалася ня надта.
Што застаецца? Сустракацца з расейскімі губэрнатарамі, езьдзіць па Беларусі, змагацца з гібельлю цялят і лаяць чыноўнікаў за дрэнную дысцыпліну. Для чалавека, які ўважае сябе за патрыярха сусьветнай палітыкі, гэта трохі прыніжальна.
Як вырвацца з пасткі
Таму, цалкам задушыўшы ўсялякія праявы нязгоды ўнутры краіны, Лукашэнка хацеў бы вярнуцца ва ўмоўны 2019 год у сфэры замежнай палітыкі, аднавіць самастойнасьць, вырвацца з жорсткіх пуцінскіх абдымкаў і зноў уступіць у гульню.
І ў 2025–2026 гадах, здаецца, у беспрасьветным стане зьявілася шчыліна. Адміністрацыя Дональда Трампа памяняла палітыку ЗША адносна Беларусі. Пачаўся беларуска-амэрыканскі перамоўны працэс.
Для афіцыйнага Менску — гэта самы пэрспэктыўны праект шасьці апошніх гадоў, тое зьвяно, ухапіўшыся за якое, ён спрабуе выцягнуць цэлы ланцуг рашэньняў назапашаных праблем. Гэта вагар, з дапамогай якога рэжым Лукашэнкі імкнецца зьдзейсьніць прарыў на Захад, пашырыць поле для манэўру.
Да пошуку новай палітыкі ў заходнім кірунку Менск падштурхоўвае хада расейска-ўкраінскай вайны. Украіна ўмацавала свае пазыцыі, дэманструе сілу.
А вось Расея выявіла слабасьць, уразьлівасьць. Сур’ёзныя эканамічныя праблемы РФ нэгатыўна адбіваюцца на Беларусі. Расейскі вайсковы парасон выявіўся дзіравым, Расея сама сябе ратаваць ня можа, ня здольная абараніць сваю тэрыторыю ад украінскіх дронаў. Расея сёньня для Беларусі з ваеннага гледзішча не выглядае гарантам бясьпекі. У выніку Крэмль з галоўнага абаронцы і спонсара рэжыму Лукашэнкі, яго апірышча і надзеі можа хутка ператварыцца ў асноўную праблему.
Калі пуцінскі рэжым апынецца ў крызісным стане, то для Лукашэнкі гэта будзе вялікая пагроза. Бо тут жа Ўкраіна цісьне, Кіеў адкрыта кажа, што Менску давядзецца плаціць па рахунках.
У такой сытуацыі рэжым Аляксандра Лукашэнкі мусіць шукаць новых магчымасьцяў на заходнім кірунку ці хоць бы нэўтралізаваць рызыкі з таго боку. Таму пачаў рабіць асьцярожныя крокі ў бок сваёй гульні.
Мы бачым, што Лукашэнка праз пасла Беларусі пры ААН Валянціна Рыбакова перадаў ЗША новыя прапановы. Адбываецца зандаж у кірунку адносін з Эўразьвязам, сёлета дэлегацыі з краін Эўропы адна за адной прыяжджаюць у Менск.
Адбываецца спроба кіраўніцтва Беларусі неяк дамовіцца з Украінай. Менск дэманструе міралюбства, даволі спакойна разьвязалася праблема з рэтрансьлятарамі, Лукашэнка прыносіць выбачэньні «Ўладзіміру Аляксандравічу».
У дадатак і Кітай выступіў у абарону сувэрэнітэту Беларусі.
У яго няма картаў
Але як нельга двойчы ўступіць у адну раку, так немагчыма вярнуцца ў 2019 год. Умовай для пачатку сур’ёзнай гульні ў замежнай палітыцы ёсьць спыненьне рэпрэсіяў і дыстанцыяваньне ад Расеі. На гэта рэжым не гатовы.
Выглядае, што палітзьняволеныя — гэта адзіны тавар, які афіцыйны Менск можа «прадаць» Захаду. Больш нічога няма. Калі казаць словамі Трампа, «у яго няма картаў». І паўза ў перамоўным працэсе з ЗША абумоўлена тым, што бакі ўпёрліся ў нейкую столь завышаных чаканьняў.
Рэжым Лукашэнкі апынуўся ў жорсткіх шчамлётках геапалітычных абставін. Іх умоўна можна назваць «пасткай 2020 году». Цана дапамогі Пуціна выявілася празьмернай ня толькі для Беларусі як дзяржавы, але і асабіста для Лукашэнкі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное