Политика

Карбалевіч: «У Маскве для Лукашэнкі важна было супакоіць Пуціна, каб ён не пярэчыў працэсу «вялікай угоды» з ЗША»

Сёлетні парад у Маскве прайшоў у скарочаным выглядзе праз пагрозу ўкраінскіх атак. Пасьля 2020 году Аляксандр Лукашэнка на 9 траўня штогод езьдзіць на ўрачыстасьці ў расейскую сталіцу. Бо цяпер дэманстрацыя ляяльнасьці Расеі ёсьць неабходная ўмова ягонага палітычнага выжываньня, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Валер Карбалевіч

Вайна прыйшла ў Расею

Вайна Расеі супраць Украіны ўсё больш уплывае на фармат сьвяткаваньня Дня Перамогі ў Маскве. Чым даўжэй яна ідзе, тым большыя жарсьці выклікае тэма ваеннага параду ў Маскве на 9 траўня. Прэзыдэнты Расеі, Украіны, ЗША абвесьцілі перамір’е на пэрыяд сьвяткаваньня Дня Перамогі з рознымі датамі, аднак яно не выконваецца.

Галоўная перамена, якая адбылася апошнім годам у Расеі — расейскія грамадзяне адчулі, што іх краіна знаходзіцца ў стане вайны. Дасюль абываталі ўспрымалі яе як «спэцыяльную ваенную апэрацыю», якая адбываецца дзесьці за межамі РФ.

А цяпер шмат што памянялася. Людзі рэальна адчуваюць праблемы ў эканоміцы і разумеюць, што гэта ёсьць вынік вайны. Украінскія баявыя дроны наносяць удары па усёй эўрапейскай частцы Расеі, скідваючы выбухоўкі. Адключаецца інтэрнэт, як тлумачаць улады, дзеля мэтаў бясьпекі.

І скарачэньне фармату сьвяткаваньня культавага для РФ сьвята ў Маскве і іншых расейскіх гарадах, непрыхаваны страх уладаў, каб раптам не прыляцелі ўкраінскія дроны — даволі важная прыкмета таго, як разьвязаная Расеяй вайна ўплывае на жыцьцё гэтай краіны.

Дайшло да таго, што Уладзімір Пуцін зьвярнуўся да Дональда Трампа з просьбай дапамагчы бясьпечна правесьці парад. А Ўладзімір Зяленскі патроліў Расею, выдаўшы ўказ, «дазволіўшы» правядзеньне параду на Краснай плошчы.

Паколькі сёлета адзначаецца ня круглая дата з моманту заканчэньня вайны, шмат замежных гасьцей не чакалася. З лідэраў краін СНД гэтым разам наведалі Маскву прэзыдэнты Казахстану і Ўзбэкістану Касым-Жамарт Такаеў і Шаўкат Мірзіёеў. І, канечне, Аляксандр Лукашэнка.

Прыехалі таксама прэзыдэнт Лаосу і вярхоўны кіраўнік Малайзіі. А яшчэ кіраўнікі падкантрольных Расеі і прызнаных фактычна толькі ёю Абхазіі і Паўднёвай Асетыі. Прэм’ер-міністар Славаччыны Робэрт Фіца на парад не пайшоў, хоць і прыехаў напярэдадні ў Маскву.

Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Пуцін і прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на парадзе ў Маскве. 9 траўня 2026

Зьмена традыцыі

Варта зазначыць, што прысутнасьць Аляксандра Лукашэнкі на парадзе ў Маскве 9 траўня — гэта традыцыя апошніх гадоў. Да падзей 2020 году гэты дзень ён звычайна сьвяткаваў дома, у Менску. Прычым, нават на ўсе юбілеі.

Лукашэнка тлумачыў сваю адсутнасьць на ўрачыстасьцях у Маскве 9 траўня тым, што ён павінен адзначаць гэтае сьвята дома, разам з сваім народам. На той час гэта для яго было пытаньнем прынцыпу.

Выступаючы з пасланьнем у Нацыянальным сходзе 29 красавіка 2015 году, ён казаў: «У сьвеце засталося дзьве краіны, якія сьвята шануюць Вялікую Перамогу як здабытак нашага народа. І калі Расея, успомніце, дзесьці яшчэ вагалася ў 90–е гады, вы ж гэта памятаеце, ніхто парады не праводзіў. Мы заўсёды ішлі гэтым шляхам… Мы дамовіліся, у нас свой парад, у нас свае тыя ж мерапрыемствы, як і ў Маскве, у Расеі. Нават шырэй, па ўсёй краіне. Не дзеля паказухі».

Калі перавесьці гэты сьпіч на зразумелую мову, то з дзьвюх краін у сьвеце, «якія сьвята шануюць Вялікую Перамогу», сапраўдным і пасьлядоўным спадкаемцам яе зьяўляецца Беларусь пад кіраўніцтвам Лукашэнкі.

А пасьля 2020 года ўсё памянялася. Прынцыпы зьмяніліся. Застаўся галоўны — захаваньне ўлады любым коштам. Без падтрымкі Расеі гэта стала нерэальным. І таму Лукашэнка вымушаны кожны год 9 траўня прысутнічаць на парадзе ў Маскве. Гэта стала неабходным рытуалам. А ўрачыстасьці ў Менску даводзіцца пераносіць на вечар гэтага дня.

Лукашэнка ў Маскве

Перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна анансавалі загадзя. Акцэнтавалася ўвага, што гэта важная складовая частка паездкі ў Маскву. Адпаведна наведваньне Лукашэнкам расейскай сталіцы назвалі «рабочым візытам».

Увогуле, у двухбаковых адносінах назапасілася не «паўтары пытаньні», як сказаў Лукашэнка, а значна больш.

Найперш, абедзьве краіны перажываюць эканамічныя цяжкасьці, і тут варта шукаць нейкае выйсьце.

Асобная тэма — перамоўны працэс Беларусі з ЗША. Рыхтуецца «вялікая ўгода», Менск хуткім часам чакае візыту спэцпрадстаўніка амэрыканскага прэзыдэнта Джона Коўла. Вядуцца размовы пра магчымую паездку Лукашэнкі ў ЗША. Масква, падобна, глядзіць на ўсё гэта з асьцярогай.

Таму для Лукашэнкі важна было супакоіць Пуціна, каб ён не пярэчыў гэтаму працэсу. Наколькі гэта атрымалася, сказаць цяжка.

Аднак перамовы Лукашэнкі і Пуціна працягваліся нядоўга. Пачаліся яны, а 21:15 вечарам 8 траўня. А ўжо, а 22:15, паводле прэсавай службы прэзыдэнта Расеі, ён сустракаўся з кіраўніком Казахстана Такаевым. То бок адна гадзіна на вырашэньне ўсіх праблем. Публічныя заявы Лукашэнкі і Пуціна перад камэрамі былі рытуальнымі, рабіць зь іх нейкія высновы пра зьмястоўную частку перамоваў наўрад ці варта.

На парадзе Лукашэнка з сынам Колем сядзелі на трыбуне фактычна побач з Пуціным. На ім была прышпіленая не георгіеўская стужка, а «яблыневая» бутаньерка.

З самога мерапрыемства хіба нечым новым было тое, што асобнай калёнай на парадзе прайшлі вайскоўцы з Паўночнай Карэі, якія ваявалі супраць Украіны.

Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі на парадзе ў Маскве. 9 траўня 2026

Сьвяткаваньне ў Беларусі

Сьвяткаваньне Дня Перамогі ў Беларусі гэтым разам прайшло адносна сьціпла. На ўрачыстым сходзе 6 траўня з прамовай выступіў дзяржсакратар Рады бясьпекі Аляксандр Вальфовіч. У былыя часы гэтую ролю браў на сябе сам Лукашэнка.

Як і мінулымі гадамі, улады не дазволілі акцыю «Несьмяротны полк» у Менску, бо за ягонай арганізацыяй стаялі адкрыта прарасейскія структуры. Аднак у абласных гарадах Беларусі прарасейскім актывістам удалося далучыць шэсьце «Несьмяротны полк» да афіцыйнай акцыі «Беларусь памятае». У гэтай акцыі актыўна ўдзельнічалі прадстаўнікі пасольства Расеі, расейскай структуры «Россотруднечество», госьці з Масквы. Але беларускія дзяржаўныя мэдыя пра гэта ня згадвалі.

Удзел Лукашэнкі ў сьвяткаваньнях у Беларусі адбываецца паводле рэшткавага прынцыпу. Галоўныя ўрачыстасьці для яго цяпер, як ён кажа, «у сваёй Маскве».

З часоў Пятра Машэрава была закладзена традыцыя на 9 траўня шэсьця па галоўным праспэкце Менску да Плошчы Перамогі. Доўгі час і Лукашэнка прытрымліваўся гэтай традыцыі. Аднак апошнімі гадамі яна была парушана. Мала засталося вэтэранаў, якія б маглі ісьці, і самому Лукашэнку ўжо цяжка рухацца. Таму асноўныя ўрачыстасьці адбываюцца наўпрост на Плошчы Перамогі.

Як і мінулыя гады, падчас ускладаньня вянку Лукашэнку спадарожнічалі ягоныя сыны. І толькі затым ішлі іншыя дзяржаўныя кіраўнікі. Усе павінны бачыць гэтую дыстанцыю і добра яе разумець.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1(3)