Тышкевіч: «Лукашэнка і Пуцін сваёй палітыкай зрабілі так, што з’явілася рэальная небяспека для кожнага грамадзяніна Беларусі»

Аналітык Ігар Тышкевіч — пра тое, чаго дамогся рэжым ядзерным нагнятаннем, а таксама пра сцэнары для нашай краіны і чаму транзіт улады наспеў, незалежна ад жадання правіцеля.

Апошнім часам гучаць сігналы аб тым, што Расія зноў паспрабуе ўцягнуць Беларусь у вайну. На думку аналітыка Ігара Тышкевіча, такія паведамленні звязаныя з агульнымі палітычнымі працэсамі ў рэгіёне.

— Для РФ важна ўтрымаць Беларусь у сваёй зоне ўплыву. Тут не столькі пытанне ўцягвання Беларусі ў вайну напоўніцы, колькі — зрабіць немагчымым любы дрэйф афіцыйнага Менску, — разважае Тышкевіч у эфіры Радыё Рацыя. — А гэта можа быць як удзел у баявых дезянных (не абавязкова з тэрыторыі Беларусі), так і банальныя правакацыі на беларускай мяжы. Зважаючы пры тым на амерыканскі перамоўны трэк, на тое, што пачынаецца польскі і, пэўна, пачнецца літоўскі трэк.

З другога боку, гэта пэўнае падвышэнне ставак з боку Украіны, якая такім чынам рыхтуе глебу для магчымых кантактаў з афіцыйным Менскам, але, умоўна кажучы, з моцных пазіцый.

Цалкам лагічнай называе аналітык і насцярожанасць еўрапейскіх краін — у прыватнасці, вайсковыя вучэнні ў адпрацоўкай ядзерных удараў па цэлях на тэрыторыі Беларусі.

Лукашэнка, які не раз заяўляў аб наяўнасці ў нашай краіне расійскай ядзернай зброі і намякаў, супраць каго тая можа быць выкарыстаная, сам падвысіў для Еўропы неабходнасць прадумаць адказ на такія дзеянні.

— З гледзішча бяспекі для Беларусі — я ад пачатку казаў, што ядзерная зброя ў краіне, калі яна чужая, а не свая, гэта каласальны фактар небяспекі. Фактычна, Лукашэнка падстаўляе Беларусь у выглядзе той пляцоўкі, па якой, крый Божа, у выпадку нейкіх праблем будзе нанесены дэманстратыўны ўдар. Не па Расіі, па Беларусі, — падкрэслівае Тышкевіч.

— Менавіта Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сваёй палітыкай зрабілі так, што з’явілася рэальная небяспека для кожнага грамадзяніна Беларусі.

Калі гучаць заявы кшталту «ў нас ёсць ракета, нас будуць баяцца» — не, не баяцца. Гэта азначае, што ў пераліку цэляў, па якіх трэба ўдарыць, для першага, дэманстратыўнага ўдару, Беларусь паднялася з нейкага сотага месца — на першае.

Пры гэтым Лукашэнка гучна заяўляе аб тым, што нават калі яго не стане, маўляў, ні Захад, ні «змагары» не пройдуць, створаная ім сістэма будзе абараняць існы рэжым.

Аднак аналітык мяркуе, што гэтая сістэма, якую правіцель ствараў апошнія гады, — «зробленая пад транзіт улады».

— Мала хто спрабуе параўнаць яе з сістэмамі ў іншых краінах. На мой погляд, яшчэ з 2019 года, калі былі першыя прапановы па Канстытуцыі і ўзмацненні УНС, — гэта спроба адбудаваць нават не казахскую мадэль, а нешта накшталт іранскай. Дзе ёсць, з аднаго боку, магчымасць увесці палітычную канкурэнцыю на нізавым узроўні, але пры тым ёсць стратэгічныя або ідэалагічныя рамкі, якія задаюцца звонку, іншым органам.

Але ж палітычная сістэма Беларусі дэградуе. Таму што ў аўтакратыі рана ці позна кар’еру робяць не самастойныя і здольныя, а тупаватыя, але лаяльныя. І ў спакойны час такая сістэма можа працаваць. Але калі трэба прыняць рашэнні — зверху адбываецца перагруз сістэмы, а ўнізе дэлегаваць няма каму, бо без прапісанага алгарытму не атрымліваецца альбо атрымліваецца ўбога.

Таму сам Лукашэнка амаль кожны тыдзень гаворыць пра кадры. І таму транзіт улады — наспеў. Расійская вайна супраць Украіны дадала Лукашэнку два гады ўлады. Але не пяць. І я не адмаўляюся ад ранейшых сваіх словаў, што гэта ягоны апошні электаральны цыкл. Пераабрацца ён можа, але дасядзець да канца тэрміну будзе ўкрай цяжка.

Пытанне ў іншым: пайсці на транзіт ва ўмовах няпэўнасці яму страшна.

Самы жорсткі сцэнар для Беларусі — калі ў выніку бягучых палітычных працэсаў яна стане проксі-дзяржавай РФ і транзіт улады будзе рыхтавацца, але па расейскім алгарытме.

Але ж, калі працягнецца амерыканскі перамоўны трэк і атрымаецца замарозка вайны ва Украіне, падзеі могуць развівацца цікавей. Бо калі гэтая замарозка адбудзецца ў фармаце, навязаным ЗША — то аднаўленнем Украіны будзе апекавацца так званая Рада міру. І для Лукашэнкі гэта магчымасць пазбегнуць фактычна любой адказнасці, нават атрымаць доступ на ўкраінскі рынак. Хаця гэта малаверагодны сцэнар.

А вось калі і Рада міру, і Штаты выходзяць з геапалітычнай камбінацыі — тады будзем мець фармат «наш сукін сын». Тое, што Лукашэнка спрабаваў давесці ў інтэрв’ю RT.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(5)