«Сёння Пашынян адзін з сімвалаў еўрапейскага выбару. А ў 2020-м ён адным з першых павіншаваў Лукашэнку»

Сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі  Аляксандр Пашкевіч — пра палітычную дзейнасць Нікола Пашыняна.

— Сёння Нікол Пашынян у нашых вачах адзін з сімвалаў еўрапейскага выбару на постсавецкай прасторы, супрацьстаяння Маскве, нават антылукашызму і ў пэўнай ступені падтрымкі беларускай дэмакратыі, – піша Пашкевіч. – Мы ўсе радуемся, што менавіта ён перамог на выбарах у Арменіі. І за армян радуемся, і за саміх сябе.

Пры гэтым, думаю, далёка не ўсе памятаюць, што 10 жніўня 2020 года, на другі ж дзень пасля галасавання ў Беларусі, калі на вуліцах беларускіх гарадоў на ўсю моц лютавалі лукашэнкаўскія апрычнікі і нават пралілася кроў, менавіта Пашынян адным з першых (калі не першы) накіраваў Лукашэнку тэлеграму, у якой павіншаваў яго «с переизбранием на пост президента Республики Беларусь» і пажадаў «успехов и новых свершений на посту главы государства».

А таксама «пользуясь случаем, желаю Вам, уважаемый Александр Григорьевич, крепкого здоровья, а братскому народу Беларуси — мира и процветания».

Гэта я да таго, што палітыка — яна вось такая. Тое, што называецца «бруднай справай». Няма пастаянных сяброў і ворагаў, ёсць пастаянныя інтарэсы. Якім у адзін момант адпавядае адно, у іншы — іншае.

Аляксандр Пашкевіч

І паспяховыя ў палітыцы ды доўга ў ёй жывуць менавіта тыя людзі, якія тонкім нюхам адчуваюць, «які павеяў вецер на загоны, заходні, ўсходні, й ці ад нас, ці к нам». Для ідэалістаў сітуацыя невыносная, але гэта рэальнае жыццё, якога не адменіш.

У беларускай палітыцы, цалкам верагодна, нас таксама наперадзе чакаюць дзіўныя павароты. Людзі, якія некалі павядуць краіну ў Еўропу, цяпер могуць займацца арганізацыяй якіх-небудзь мерапрыемстваў пад лозунгам «Навеки вместе с Россией».

Пра што пасля ніхто асабліва і не ўспомніць. Бо «перайшло, мінула, што калісь жыло, у курганах заснула, зеллем зарасло».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)