Общество

Прапагандысты паказалі моцна схуднелага Васіля Верамейчыка

Былы каліновец адбывае прысуджанае яму 13‑гадовае пакаранне ў калоніі ў Шклове, піша Наша Ніва.

Так Васіль Верамейчык змяніўся з часу арышту

Паведамляецца, што ён працуе ў калоніі на лесапілцы.

Васіль Верамейчык у прапагандысцкім сюжэце на АНТ

Васіля Верамейчыка затрымалі ў В'етнаме 13 лістапада 2024 года, а выдалі Беларусі 14-га.

34‑гадовы Верамейчык скончыў Вайсковую акадэмію Беларусі і служыў у Печах. Са службы ён звольніўся ў 2016 годзе, пасля чаго працаваў у ІТ.

У 2020 годзе ён падтрымаў рух за свабодныя выбары, удзельнічаў у мітынгах і маршах. У лістападзе 2020 года яго затрымалі па падазрэнні ў падпалах аўтамабіляў супрацоўнікаў пракуратуры — якая ўжо тады стала адным з галоўных арганізатараў масавых рэпрэсій. Але пасля 10 сутак арышту ён выйшаў на волю: доказаў не знайшлі.

Напачатку 2021 года праз пагрозу паўторнага арышту эміграваў ва Украіну і жыў з сям'ёй у Львове.

Пасля нападу Расіі на Украіну ён адразу, у лютым 2022 года, далучыўся да беларускага батальёна імя Кастуся Каліноўскага. Служыў у ім намеснікам камандзіра батальёна «Волат» і быў узнагароджаны медалём «Украіна перш за ўсё».

Вядомы пад пазыўным «Пацук», ён удзельнічаў у баях у Херсонскай, Мікалаеўскай і Луганскай абласцях.

Пасля звальнення з войска спрабаваў уладкавацца ў Літве, але не змог там легалізавацца, бо мясцовыя ўлады за колішнюю прыналежнасць да сілавых структур у Беларусі палічылі яго пагрозай для нацыянальнай бяспекі. Пасля таго ён выехаў спачатку ў Грузію, а пасля ў В'етнам, дзе і трапіў у рукі лукашэнкаўскіх сілавікоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.5(17)