Вольскі: «У дзяржаве, дзе чалавечае жыцьцё нічога не каштуе, колькі будзе каштаваць сабачае?»

Вядомы музыкант Лявон Вольскі на Budzma.org разважае пра новыя правілы ўтрымання хатніх жывёлаў і расказвае пра сваіх уласных хатніх гадаванцаў.

Сабакі майго дзяцінства

Калі я нарадзіўся, мае бацькі ўжо мелі сабаку. Гэта была разумная і вельмі рахманая баксэрка. Я, малы, лез да яе, гуляўся, спрабаваў узгрувасьціцца ёй на сьпіну, а яна ўсё гэта трывала, гледзячы на бацькоў сумнымі разумнымі вачыма.

Лявон Вольскі са сваім гадаванцам. Фота: facebook.com/LavonVolski

Потым мама падаравала мне шпіца. Гэта было белае прыгожанькае стварэньне зь вельмі кепскім характарам. Шпіц неўзлюбіў мяне адпачатку. Маму ён абагаўляў, а з маім існаваньнем папросту мірыўся, як з чымсьці непазьбежным.

Мне было сем гадоў, і сабака лічыў мяне наймалодшым і найменей карысным чальцом зграі. Калі што, мог і ўкусіць, каб я дакладна ведаў сваё мейсца.

Потым у нас зьявілася нямецкая аўчарка. Разумная паслухмяная службовая жывёла. Яна любіла і мяне, і маму, выконвала каманды, у свой час займалася з кінолягам, магла нават паўзьці і караскацца на высокую сьценку.

Адно што яна ніяк не магла пераадолець спрадвечны ваўчыны інстынкт — калі на полі (так-так, яе выгульвалі на знакамітым Бангалёры) знаходзіла рэшткі недаедзенае вэнджанае скумбрыі ці то яшчэ штосьці горшае і вельмі сьмярдзючае, сабака ўмомант выкочваўся ў гэтым і губляў кантроль над сабой.

Яна ведала, што калі яе зловяць, дык будуць крычэць і абвінавачваць, а потым зацягнуць у ванну, пальюць сьмярдзючым шампунем (для яе пах шампуню быў надта непрыемны, ня тое, што тая субстанцыя, у якой яна толькі што выкачалася) і памыюць. І тады яна будзе пахнуць паганым шампунем, а зусім ня гэтым чароўным водарам. Што тут рабіць? Уцякаць! І вось я бегаю па раёне за вялізнай чорнай нямецкай аўчаркай, і гэты атракцыён мог працягвацца і гадзіну, і болей...

Вясёлыя й хітрыя таксы ў маёй сям’і

Мінуў час, і ў маёй новай сям’і зьявілася такса. Таксама дзяўчынка. Хто знаёмы з таксамі, той ведае, наколькі гэта разумныя, вясёлыя й хітрыя сабакі. Дарэчы, можа быць, нехта ведае беларускі адпаведнік назве пароды?

Бо «такса» — гэта па-расейску і, мне падаецца, расейцы кепска пачулі нямецкае слова «Dachshund» — «барсучы сабака», і атрымалася — як чуецца, так і пішацца — было «Dachshund», зрабілася «такса». Па-польску — jamnik, бо лезе ў норы.

Нашая таксачка была з намі ў трывожныя 2020-я і ратавала нас сваім жыцьцярадасным норавам у асабліва цяжкія пэрыяды.

Цяпер мы зноў завялі таксу (калі няма беларускага адпаведніка, варта яго прыдумаць!). Гэта хлопчык. Энэргічны, эмацыйны, неўтаймоўны, яшчэ вельмі малады, але ўжо разумны і хітры (прынамсі, яму так падаецца)...

Паляванне на сабачнікаў ці даносы: як будзе весьціся ўлік хатніх гадаванцаў?

Да чаго гэтыя сабачыя гісторыі? — падумаеце вы. А да таго, што ў РБ вырашылі правесьці ўлік хатніх гадаванцаў. За іх і раней трэба было плаціць (мы за сваю таксу плацілі), але хтосьці, безумоўна, ухіляўся ад гэтага пачэснага абавязку, і вось цяпер адпаведныя ворганы правядуць улік, і кожны ўладальнік сабакі будзе абавязаны ўнесьці грошы за свайго сябра.

Паляваньне на сабачнікаў. Малюнак Лявона Вольскага

 Цікава, як будзе ажыцьцяўляцца гэты ўлік? Адпаведныя атрады будуць ладзіць паляваньне ў час, калі сабачнікі звычайна выходзяць на шпацыр — ранкам ды ўвечары, і правяраць кожнага на наяўнасьць дакумэнтаў?

 Няма? Вось, трымай позву, заплаціш штраф за тое, што ня стаў на ўлік і асобна — падатак на сабаку.

Ці то будуць заходзіць у кожны дом (часам дастаткова проста пазваніць у дзьверы, і калі пачуеш брэх — кідай позву ў паштовую скрыню!) і вынюхваць — ці ёсьць тут «друг чалавека»?

Ці «кінуць кліч» — «Прасыгналізуй пра суседзкага сабаку!». Каб неабыякавыя жыхары беларускіх гарадоў (а такіх нямала!) кінуліся пісаць даносы на суседзяў і знаёмых, якія маюць сабакаў. І папанапісваюць, будзьце пэўныя!

Абавязкова нешта такое крэатыўнае прыдумаюць. На гэтыя справы ў іх фантазіі не бракуе.

І некаторыя менскія ўладальнікі хатніх гадаванцаў, прадчуваючы гэтыя непрыемныя працэсы і — галоўнае! — фінансавыя страты, ужо цяпер пацягнулі сваіх «чацьвераногіх сяброў» у вядомы сабачы прымальнік на Гурскага.

Адмаўляюцца ад сяброўства. Ужо ў гэтым прымальніку не хапае мейсца. Сядзяць у цесных клетках учорашнія абаронцы, чальцы сям’і, памочнікі і стваральнікі добрага настрою...

Фота: фэйсбук-старонка «Гурскага — не прытулак»

А чаго вы хацелі? У дзяржаве, дзе чалавечае жыцьцё нічога не каштуе, колькі будзе каштаваць сабачае? Ну, так, меней за нуль.

І ў гэтай пабудаванай па ўсходніх узорах дзяржаве ёсьць толькі адна асоба — хан, эмір, султан — цэнтр гэтай сыстэмы — жыцьцё якога каштоўнейшае за жыцьці ўсіх насельнікаў краю. Толькі адна асоба. І адзін сабака. На стале.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.5(22)